
Збiраючыся ехаць у гатэль, мiс Люсi вырашыла, што яны з Верай сядуць на задняе сядзенне, таму спераду села Элен i пачала спрачацца з надзьмутым Марыа.
Калi пад'ехалi да пансiёна, мiс Люсi сказала як адрэзала:
- Марыа, заўтра нядзеля. Табе лепш адпачыць.
Той запярэчыў. Калi Люсi паўтарыла: "Не, заўтра, не, Марыа", - юнак скорчыў мiну незадаволенага дзiцяцi. Потым выраз яго твару змянiўся, i чорныя вочы з выклiкам зазiрнулi ў вочы мiс Люсi.
Iдучы ў свой пакой, мiс Люсi адчула, як калоцiцца яе сэрца. Iнтымнасць позiрку Марыа раскрыла тое, пра што яна дагэтуль нават не асмельвалася думаць. Цяпер яна дастаткова ў гэтым упэўнiлася.
Атрымлiвалася, што па нейкай прычыне, якую мiс Люсi не разумела i якую яе нявытанчаны розум не мог нiколi ўявiць, - Марыа жадаў яе.
Ён жадаў яе фiзiчна.
Вечарам, перад тым як легчы спаць, мiс Люсi зрабiла тое, чаго нiколi не рабiла ў жыццi. Пастаяла некалькi хвiлiн у сваёй простай баваўнянай начной кашулi перад высокiм венецыянскiм люстэркам, якое вiсела ў яе шыкоўным нумары, ацэньваючы сябе як жанчыну.
Яна не ўбачыла нiчога новага альбо незвычайнага, што адпавядала б незвычайным пераменам, якiя адбывалiся ў душы. Яе твар не быў прыгожы. Нi ў юнацтве, нi цяпер, калi ён належаў жанчыне, якая неадваротна рабiлася пажылой. Валасы мiс Люсi былi амаль сiвыя, але яшчэ не зусiм белыя, мяккiя i густыя яны даволi прыгожа ўзвышалiся над iлбом. Вакол вачэй, ясных i па-свойму прывабных - маршчыны i ценi, уласцiвыя яе ўзросту. Пругкiя грудзi выразна вылучалiся пад кашуляй, але ў фiгуры не было нiчога незвычайнага. Карацей кажучы, нi ў яе твары, нi ў постацi не было нiчога знешне прывабнага. I тым не менш яе жадалi. Яна ведала гэта. Невядома чаму прыгожы мексiканскi юнак знаходзiў яе спакушальнай. Мiс Люсi была ўпэўнена ў гэтым.
