- Добі, сэр. Проста Добі. Добі - Хатні эльф, - адказаў госць.

   - Праўда? - выклікнуў Гары. - Эээ… паслухайце, я не хацеў бы падацца няветлівым і ўсё такое, але… у мяне зараз такі момант… ну, не самы прыдатны час, каб прымаць Хатніх эльфаў у сваім пакоі.

   Залівісты, фальшывы смех цёткі Пятунні дакаціўся з гасцінай. Эльф павесіў галаву.

   - Не тое, каб я не быў рады вашаму візіту, - хутка дадаў Гары, - але, ммм… вы ж прыйшлі з нейкай асаблівай нагоды?

   - О, так, сэр, - сур'ёзна сказаў Добі, - Добі прыйшоў сказаць вам, сэр… гэта нялёгка, сэр… Добі нават не ведае, з чаго пачаць…

   - Прысаджвайцеся, - ветліва прапанаваў Гары, паказваючы на ложак.

   Да яго найвялікшага жаху, эльф раптам вельмі гучна зарыдаў.

   - П-п-прыса-а-а-джвайцеся…, - скуголіў ён, - ніколі… ніколі раней…

   Гары пачуў, што галасы ўнізе на секунду сціхлі.

   - Прабачце, - прашаптаў ён, - я зусім не хацеў вас пакрыўдзіць і наогул…

   - Пакрыўдзіць Добі! - захлынуўся эльф. - Добі яшчэ ніхто ніколі не прапаноўваў сесці… ні адзін вядзьмак… як роўнаму…

   Гары, спрабуючы адначасова казаць "шшш" і рабіць спачуваючы выраз твару, праводзіў Добі да ложка, дзе той сеў, ікаючы, падобны на вялікую выродлівую ляльку. Нарэшце ён здолеў узяць сябе ў рукі, і ўтаропіўся на Гары сваімі вялізнымі вачыма з выразам слязлівай любові.

   - Напэўна, вам не часта сустракаліся прыстойныя ведзьмакі, - паспрабаваў падхрабрыць яго Гары.

   Добі патрос галавой. Затым, без усякага папярэджання, ён ускочыў і прыняўся біцца галавой у шыбу з лямантамі: "Дрэнны Добі! Дрэнны Добі!"

   - Не трэба - што вы робіце? - сыкнуў Гары, падляцеўшы да эльфа і адцягнуўшы яго ад вакна - Хэдвіг прачнулася, выдала нейкі пранізлівы енк і забіла крыламі па клетцы.



10 из 281