
- Такім чынам - што ж за гісторыя? - пачаў нецярпліва распытваць Рон. - Што з табой здарылася?
Гары ўсё ім распавёў: і пра Добі, і пра ягоную перасцярогу, і пра фіяска, якое пацярпеў фіялкавы пудынг. Пасля таго як ён скончыў свой расповед, наступіла доўгае маўчанне.
- Нейкая бязглуздзіца, - у рэшце рэшт вынес прысуд Фрэд.
- Сапраўды, нешта дзіўнае, - пагадзіўся Джордж. - І ён табе нават не сказаў, што гэта там за змова і хто ў ёй удзельнічае?
- Мне падаецца, ён не мог, - адказаў Гары. - Кажу вам, усякі раз як ён даходзіў да таго, што мог прагаварыцца, ён пачынаў біцца галавой аб сцяну.
Фрэд з Джорджам паглядзелі адзін на аднога.
- Што? Думаеце, ён мне нахлусіў?
- Ну-у-у, - працягнуў Фрэд, - скажам так: у эльфаў з магіяй усё ў парадку, толькі звычайна яны не могуць ёю скарыстацца без дазволу гаспадара. Думаю, старога Добі даслалі, каб ты не вяртаўся ў "Хогвартс". Хтосьці, так бы мовіць, пажартаваў. Як ты думаеш, ёсць у кагосьці на цябе зуб?
- Так, - адразу ж адказалі Рон і Гары, хорам.
- Драко Малфой, - растлумачыў Гары. - Ён мяне ненавідзіць.
- Драко Малфой? - перапытаў Джордж. – Выпадкова, не сын Люцыюуса Малфоя?
- Напэўна, бо прозвішча не вельмі распаўсюджанае. - сказаў Гары. - А што?
- Ды я чуў, што тата пра яго казаў, - растлумачыў Джордж. - Ён у свой час падтрымліваў Сам-Ведаеш-Каго.
- А калі Сам-Ведаеш-Хто знік, - дадаў Фрэд, выгінаючы шыю, каб паглядзець на Гары, - Люцыюс Малфой вярнуўся і сказаў, што рабіў усё пад закляццямі Сам-Ведаеш-Каго і ні ў чым не вінаваты. Але гэта ўсё хлусня - тата ўпэўнены, што ён быў у вельмі блізкім асяроддзі Цёмнага Лорда.
Гары і раней чуў падобныя размовы пра сям'ю Малфояў, і ніколі ім не здзіўляўся. У параўнанні з Малфоям Дадлі выглядаў разумным, добрым хлопчыкам.
