
Дзядзька Вернан зноў кашлянуў.
- Яшчэ крышку, - напружана прасіпеў Фрэд з машыны, - яшчэ разок пхніце…
Гары і Джордж наваліліся плячыма, і куфар праслізнуў па падваконню на задняе сядзенне.
- Ну ўсё, адчальваем, - шапнуў Джордж.
Але, як толькі Гары ўзлез на падваконне, як з пакоя пачуўся гучны абураны крык савы, а следам за ім - не меней абураны рык дзядзькі Вернана:
- ЧОРТАВА САВА!
- Я забыўся на Хэдвіг!
Гары праімчаўся праз увесь пакой, выключальнік наверсе поруч лесвіцы ўжо пстрыкнуў - хлопчык схапіў клетку, куляй пранёсся да акна і перадаў саву Рону. Потым ён ізноў улез на падваконне, а дзядзька Вернан ужо барабаніў у незапертыя дзверы - і яны з трэскам расчыніліся.
На нейкае імгненне сілуэт дзядзькі Вернана нерухома застыў у праёме; затым дзядзька выдаў раз’юшаны крык разлютаванага быка, галавой наперад рынуўся на Гары і паспеў ухапіць яго за ладыжку.
Рон, Фрэд і Джордж у сваю чаргу схапілі Гары за рукі і сталі з усіх сіл цягнуць.
- Пятуння! - екатаў дзядзька Вернан. - Ён збягае! ЗБЯГАЕ!
Тут Уізлі дружна паднаціснулі, і нага Гары высклізнула з жалезнай лапішчы дзядзькі Вернана - Гары апынуўся ў машыне - зачыніў за сабою дзверы…
- Паехалі, Фрэд! - прароў Рон, і машына стралой паляцела ў кірунку Месяца.
Гары не мог паверыць свайму шчасцю - ён быў свабодны! Ён высунуўся з акна - начны вецер церабіў валасы - і паглядзеў на стрэхі дамоў Цісавай вуліцы, якія хутка змяншаліся. Дзядзька Вернан, цётка Пятуння і Дадлі , утрох, аслупянелыя ад здзіўлення, назіралі за ім з акна яго пакоя.
- Убачымся наступным летам! - крыкнуў Гары.
Хлапчукі зарагаталі, і Гары адкінуўся на спінку сядзення, шырока усміхаючыся.
- Выпусці Хэдвіг, - папрасіў ён Рона. - Хай ляціць за намі. Яна ўжо тысячу гадоў не выпроствала крылы.
Джордж працягнуў Рону шпільку і праз імгненне Хэдвіг радасна вырвалася з акна і бясшумна як прывід знікла ў цемры ночы.
