
Оруэлл Джордж
1984 (на белорусском языке)
Джордж Оруэл
1984
Частка першая
1
Быў халодны i пагодлiвы красавiцкi дзень, гадзiннiкi бiлi трынаццаць гадзiн. Ўiнстан Смiт, утулiўшы галаву ў плечы, спрабаваў схавацца ад злога ветру. Ён праслiзнуў праз шкляныя дзверы ў дамовы блок "Перамога", але стаўбур пылу i пяску ўсё ж паспеў увiхурыцца за iм у прачыненыя дзверы.
У калiдоры пахла варанай капустай i старымi дываночкамi. У канцы калiдора да сцяны быў прыпнуты недарэчна вялiкi каляровы плакат. Увесь гэты плакат займаў вялiзны - больш за метр ушыркi - твар чалавека гадоў сарака пяцi, з чорнымi густымi вусамi i грубавата-прыгожымi рысамi. Ўiнстан накiраваўся да сходаў. Выклiкаць лiфт не было сэнсу - нават у найлепшыя часы ён працаваў рэдка. Дый да таго ж цяпер удзень электрычнасць выключалася - iшла кампанiя эканомii ў сувязi з падрыхтоўкай да Тыдня Нянавiсцi. Кватэра была на восьмым паверсе. Ўiнстану было трыццаць дзевяць гадоў, над костачкай на правай назе ў яго была варыкозная язва, i таму паднiмаўся ён павольна i колькi разоў прыпыняўся, каб адпачыць. I на кожным паверсе з плаката, прычэпленага да сцяны насупраць лiфта, у яго пiльна ўзiраўся той самы вялiзны твар. Ён нiбы пасвiў позiркам кожнага, хто iшоў па сходах. Пад партрэтам стаяў надпiс: "ВЯЛIКI БРАТ ГЛЯДЗIЦЬ НА ЦЯБЕ".
Зайшоўшы ў кватэру, Ўiнстан пачуў саладжавы голас, што пералiчваў шэрагi лiчбаў - нешта звязанае з вытворчасцю чыгуну. Голас iшоў з выцягнутага металiчнага экрана, падобнага да бляклага люстэрка, умураванага ў правую сцяну. Ўiнстан пакруцiў ручку, i голас прыцiх, але словы ўсё яшчэ былi добра чутныя. Гук у апараце (або, як казалi, у тэлеглядзе) можна было прыглушыць, але цалкам выключыць было немагчыма. Ўiнстан падышоў да акна. Ён быў невысокi i кволы, i ягоную хударлявасць яшчэ болей падкрэслiваў сiнi камбiнезон партыйная ўнiформа. Ён меў бялявыя валасы, трошкi чырвоны ад прыроды твар, скуру, агрублую ад жорсткага мыла, тупых лёзаў i зiмовых халадоў, якiя толькi што мiнулiся.
