Знадворку, нават за шыбай зачыненага акна, свет здаваўся халодным. Злы вецер вiрамi ўздымаў у паветра пыл i шматкi паперы. I хоць у густа-блакiтным небе свяцiла яркае сонца, усё навокал здавалася бясколерным, апроч расклееных паўсюль плакатаў. Чарнавусы твар пазiраў з кожнай вiднай мясцiны. Адзiн плакат вiсеў на сцяне насупраць. ВЯЛIКI БРАТ ГЛЯДЗIЦЬ НА ЦЯБЕ, паўтараў надпiс, i цёмныя вочы з плаката пранiклiва глядзелi на Ўiнстана. На вулiцы ўнiзе вецер шкуматаў яшчэ адзiн плакат з абарваным ражком, на iм то адкрывалася, то зноў закрывалася адзiнае слова: АНГСОЦ. Удалечынi паказаўся верталёт. Ён уцiснуўся ў шчылiну завулка, павiсеў хвiлiнку ў паветры, нiбы сiняя мясная муха, пасля рвануўся ў неба i знiк. Гэта быў палiцэйскi патруль, якi зазiраў у вокны. Але патруль быў не страшны. Адзiна страшная была Палiцыя Думак.

Голас з тэлегляда ўсё нешта балбатаў пра чыгун i пра перавыкананне Дзевятага Трохгадовага Плана. Тэлегляд працаваў адначасна на перадачу i на прыём. Ён улоўлiваў усе гукi, што iшлi ад Ўiнстана, акрамя, хiба што, цiхага шэпту. Больш таго, пакуль Ўiнстан быў у полi зроку экрана, ён мог быць убачаны гэтаксама добра, як i пачуты. Вядома ж, было немагчыма даведацца, цi ў гэты момант за табою сочаць. Як часта i паводле якога графiку Палiцыя Думак уключалася ў чыйсцi iндывiдуальны канал - можна было толькi здагадвацца. Магчыма нават, яна сачыла за ўсiмi бесперапынна. Але, у кожным разе, яна магла ўключацца ў ваш канал, калi толькi хацела. Аднак трэба было неяк жыць, i неяк жылi, i звычка рабiлася iнстынктам, калi ты ведаў, што кожнае тваё слова будзе пачутае, кожны твой рух, калi толькi не ў цемры, будзе заўважаны.

Ўiнстан стаяў спiнай да тэлегляда. Хоць ён i ведаў, што спiна таксама можа здрадзiць, так усё ж было спакайней. За нейкi кiламетр белай грамадзiнай над змрочным краявiдам уздымалася Мiнiстэрства Праўды, дзе ён працаваў. Вось Лондан, падумаў ён з няяснай агiдай, Лондан, галоўны горад Узлётна-пасадачнай паласы No.1, трэцяй паводле колькасцi насельнiцтва правiнцыi Акiянii.



2 из 277