Ён знеслаўляў Вялiкага Брата, асуджаў дыктатуру Партыi, патрабаваў неадкладнага заключэння мiру з Эўразiяй, выступаў за свабоду слова, свабоду друку, свабоду сходаў, свабоду думак, iстэрычна крычаў, што Рэвалюцыi здрадзiлi - прамова была паспешлiвая, шматслоўная, нiбы пародыя на звычайны стыль партыйных прамоўцаў, у ёй былi нават некаторыя словы з навамоўя i нават болей навамоўных слоў, чым звычайна ўжывае любы сябра Партыi. I ўвесь гэты час, каб нi ў кога не ўзнiкла нi калiва сумнення ў тым, што ў сапраўднасцi хавалася за агiднымi выслоўямi Гольдштэйна, за яго спiнай на экране тэлегляда праходзiлi маршам бясконцыя калоны эўразiйскага войска, бясконцыя шэрагi дужых з выгляду людзей з безвыразнымi азiяцкiмi тварамi. Яны наблiжалiся да гледачоў, расплывалiся ў экране, саступаючы месца iншым. Аднастайны рытмiчны грукат салдацкiх ботаў ствараў гукавы фон, праз якi прабiвалася авечае маркатанне Гольдштэйна.

Не прайшло i паўхвiлiны праграмы Нянавiсцi, як з глотак паловы людзей, сабраных у зале, вырваўся неўтаймаваны крык гневу. Самазадаволенага авечага твару на экране i пагрозлiвай магутнасцi эўразiйскага войска было нават болей чым дастаткова: адзiн толькi выгляд Гольдштэйна, адна думка пра яго мiжволi спараджалi страх i лютасць. Ён быў больш трывалы аб'ект нянавiсцi, чым Эўразiя або Ўсходазiя, бо калi Акiянiя ваявала з адной дзяржавай, дык звычайна з другой яна заставалася ў стане мiру. Дзiўным было, аднак, тое, што, нягледзячы на ўсеагульную нянавiсць i пагарду, нягледзячы на тое, што кожнага дня тысячу разоў з трыбун, з тэлегляда, у газетах, у кнiгах iдэi Гольдштэйна праклiналiся, абвяргалiся, высмейвалiся, паказвалiся перад грамадствам як нявартая бязглуздзiца, - нягледзячы на ўсё гэта, здавалася, што ўплыў Гольдштэйна нiколi не меншаў. Усё новыя i новыя ахвяры чакалi, каб паддацца ягонай спакусе. Не праходзiла нiводнага дня, каб Палiцыя Думак не выкрывала шпiёнаў i сабатажнiкаў, што дзейнiчалi паводле ягоных загадаў. Ён быў галоўным кiраўнiком вялiкай прывiднай армii, шырокай сеткi падземнiкаў-змоўнiкаў, што мелi за мэту скiнуць урад.



11 из 277