Казалi, што гэтая арганiзацыя завецца Братэрства. Хадзiлi таксама пагалоскi аб нейкай жахлiвай кнiзе, дзе былi сабраныя ўсе аблудныя тэорыi, аўтарам якiх быў Гольдштэйн. Кнiга гэтая сям-там патаемна хадзiла па руках i не мела назову. Калi пра яе iшла гаворка, дык казалi проста кнiга. Але пра ўсё гэта можна было даведацца толькi з няпэўных чутак. Звычайныя сябры Партыi старалiся, калi гэта было магчыма, не згадваць у размовах нi Братэрства, нi кнiгi.

На другой хвiлiне Нянавiсць перайшла ў шаленства. Людзi падскоквалi з месцаў i дзiка крычалi, каб заглушыць дурманлiвае бэканне, што гучала з экрана. Маленькая жанчына побач пачырванела i хапала ротам паветра, як выкiнутая на бераг рыбiна. Нават цяжкi твар О'Браэна змянiў колер. Ён сядзеў проста, нiбы кiй праглынуўшы, i яго важкае агруддзе надзiмалася i дрыжала, быццам ён змагаўся з навальнай хваляй. Чарнявая дзяўчына, што сядзела за Ўiнстанам, крычала: "Свiння! Свiння! Свiння!" Раптам яна схапiла цяжкi Слоўнiк навамоўя i шпурнула яго ў экран. Ён трапiў Гольдштэйну ў нос i адскочыў. Голас няўмольна гучаў далей. У момант прасвятлення Ўiнстан заўважыў, што ён крычыць разам з усiмi i раз'юшана малоцiць па бiльцы крэсла. Самае жахлiвае ва ўсiм гэтым было не тое, што трэба было саўдзельнiчаць, а, наадварот, тое, што не саўдзельнiчаць было немагчыма. Праз паўхвiлiны ўжо не трэба было прыкiдвацца. Жахлiвае ачмурэнне ад страху i прагi помсты, жаданне забiваць, катаваць, трушчыць молатам галовы працяло, нiбы электрычны ток, усiх гледачоў, ператварыўшы iх мiмаволi ў раз'юшаных вар'ятаў. Але шаленства, якое ахапiла гледачоў, было пачуццём абстрактным, няпэўным, яго можна было перавесцi з аднаго аб'екта на другi, як прамень пражэктара. Так, на нейкi момант Ўiнстан адчуў, што яго нянавiсць накiравана зусiм не на Гольдштэйна, а на Вялiкага Брата, Партыю i Палiцыю Думак. Гэткiмi хвiлiнамi ён iмкнуўся сэрцам да самотнага ерэтыка, аддаванага здзеку i глуму на экране, адзiнага ахоўнiка праўды i здаровага розуму ў свеце хлуснi.



12 из 277