
Раптам ён спахапiўся i пачаў паспешлiва пiсаць, нават не ўсведамляючы дакладна, што ён пiша. Яго дробны дзiцячы почырк радок за радком пакрываў аркуш. Хутка ён перастаў зважаць на пачатковыя вялiкiя лiтары, а пасля i на знакi прыпынку:
4 красавiка 1984. Учора вечар у кiно. Адны ваенныя фiльмы. Адзiн вельмi добры пра карабель з уцекачамi, бамбаваны недзе ў Мiжземным моры. Усiм вельмi спадабалiся кадры пра тоўстага мужчыну, за якiм ляцiць верталёт, спачатку ён валтузiцца ў вадзе. як бегемот, пасля яго вiдаць праз аптычны прыцэл верталёта, тады ён раптам увесь у дзiрках, i мора робiцца ружовае, i ён тоне так хутка, быццам вада набралася праз дзiркi. Гледачы раўлi ад смеху, калi ён iшоў на дно. Пасля паказвалi ратавальны карабель поўны дзяцей i над iм верталёт, жанчына сярэдняга веку, напэўна жыдоўка, сядзiць з хлопчыкам гадоў трох на носе карабля. Хлопчык крычыць ад страху i хавае галаву на грудзях у жанчыны, а жанчына закрыла яго рукамi i суцяшае яго хоць яна i сама калоцiцца ад страху хавала як магла быццам верыла што яе рукi могуць закрыць ад куль. тады верталёт скiнуў бомбу 20 кг страшны выбух i ўвесь карабель разлятаецца як кучка запалак. тады былi яшчэ выдатныя кадры з дзiцячай рукой што ляцела ўгору ўгору ўгору ўсё вышэй i вышэй у паветра напэўна верталет з камерай у кабiне ляцеў за ёй i было шмат воплескаў з партыйных ложаў але адна жанчына ўнiзе дзе сядзяць пролы ўзняла гвалт i пачала крычаць што гэткае нельга паказваць дзецям гэткае дзецi не павiнны бачыць пакуль палiцыя не выкiнула яе вонкi я не думаю што з ёй нешта асаблiвае здарылася нiхто не зважае на тое што кажуць пролы тыповая пролаўская рэакцыя яны нiколi...
Ўiнстан спынiўся, бо ў яго здранцвелi пальцы. Ён не ведаў, што прымушала яго вылiваць з сябе гэты бязладны паток слоў. Але дзiўным было тое, што, пакуль ён гэта рабiў, у яго ў галаве прасвятлiўся зусiм iншы ўспамiн, ды так выразна, што ён амаль быў здольны яго запiсаць. Цяпер ён зразумеў, што якраз тое другое здарэнне было прычынай яго раптоўнага вяртання дадому i намеру пачаць пiсаць дзённiк сёння.
