Гэта адбылося таго самага дня ранiцай у Мiнiстэрстве, калi ўвогуле можна сказаць "адбылося" пра нешта няяснае, няўлоўнае, неакрэсленае.

Было амаль адзiнаццаць нуль-нуль, i ў аддзел дакументацыi, дзе працаваў Ўiнстан, вынеслi крэслы з кабiнетаў i паставiлi iх пасярод залы насупраць вялiкага тэлегляда, бо павiнна была пачацца Двуххвiлiнка Нянавiсцi. Ўiнстан якраз сядаў на сваё месца ў адным з сярэднiх радоў, калi ў залу нечакана ўвайшлi дзве асобы. Ён ведаў iх з твару, але нiколi не абмяняўся з iмi анi словам. Адна з iх была дзяўчына, якую ён часта сустракаў у калiдорах. Ён не ведаў яе iмя, ведаў толькi, што працавала яна ў аддзеле мастацкай лiтаратуры. Ён бачыў некалькi разоў, як яна несла гаечныя ключы, рукi яе былi ў машыннай змазцы - напэўна, яна выконвала нейкiя тэхнiчныя функцыi пры адным з раманапiсальных варштатаў. Гэта была нахабная з выгляду дзяўчына гадоў дваццацi сямi, з густымi чорнымi валасамi, рабацiнiстым тварам i хуткiмi пругкiмi рухамi. Часам вузкi чырвоны пас - адметны знак Антысексуальнага Саюза Моладзi - быў абвязаны вакол талii паверх камбiнезона дастаткова туга, каб падкрэслiць акругласць яе клубоў. Ўiнстан не мог яе цярпець з таго моманту, як першы раз яе ўбачыў. I ён ведаў чаму. З-за духу спортпляцоўкi, халодных купальняў, калектыўных вандровак i агульнай чысцiнi перакананняў, якiм ад яе падыхала. Жанчыны, асаблiва маладыя, - гэта заўсёды слепа адданыя прыхiльнiкi Партыi, бяздумныя паўтаральнiкi лозунгаў, добраахвотныя шпiёны, вывiжоўшчыкi нядобранадзейнасцi. Але гэтая дзяўчына здавалася яму яшчэ больш небяспечнай за iншых. Аднойчы яны размiнулiся ў калiдоры, i яна працяла яго позiркам, нiбы свердлам, i на iмгненне ён адчуў пякельны жах. Ён нават падумаў, што яна магла быць агентам Палiцыi Думак, што, аднак, было непраўдападобна. Аднак, калi яна была недзе паблiзу, ён адчуваў нейкую дзiўную трывогу, у якой адначасна мяшалiся страх i варожасць.



8 из 277