Другой асобай быў мужчына, якi зваўся О'Браэн, сябра Ўнутранай Партыi, якi займаў такую важную i таямнiчую пасаду, што Ўiнстан меў пра яе толькi самае прыблiзнае ўяўленне. Супрацоўнiкi, што стаялi каля крэслаў, суцiхлi, убачыўшы, як да iх наблiжаецца нехта ў чорным камбiнезоне сябры Ўнутранай Партыi. О'Браэн быў высокi, грубаваты з выгляду мужчына з тоўстай шыяй i простым, поўным гумару тварам. Нягледзячы на несамавiтую знешнасць, у яго паставе была нейкая далiкатнасць. Ён умеў неяк асаблiва падпраўляць акуляры на носе, i гэты ягоны рух неяк дзiўна абяззбройваў, выклiкаў прыхiльнасць. Гэты рух нагадваў калi ўвогуле нехта яшчэ мог думаць такiмi катэгорыямi - арыстакрата васемнаццатага стагоддзя, якi прапануе свайму размоўцу табакерку. За дванаццаць гадоў Ўiнстан бачыў О'Браэна разоў дванаццаць. Ён адчуваў да яго шчырую прыхiльнасць, i не толькi таму, што яго вабiла неадпаведнасць арыстакратычных манер О'Браэна ягонай знешнасцi баксёра-чэмпiёна. Прыхiльнасць гэтая грунтавалася на затоенай у глыбiнi душы веры - цi, можа, толькi спадзяваннi, - што палiтычная добранадзейнасць О'Браэна не была бязмежная. Нешта ў ягоным твары неадольна наводзiла на гэтую думку. I ўсё ж гэтае "нешта" было хутчэй адзнакай iнтэлiгентнасцi, а не недахопу добранадзейнасцi. Ва ўсялякiм разе, ён быў падобны да чалавека, з якiм можна было б загаварыць, калi б надарылася схавацца ад тэлегляда i застацца з iм сам-насам. Ўiнстан нiколi не спрабаваў спраўдзiць свае здагадкi на практыцы, дый гэта было немагчыма. У гэтую хвiлiну О'Браэн паглядзеў на ручны гадзiннiк, убачыў, што было ўжо амаль адзiнаццаць нуль-нуль, i, напэўна, вырашыў застацца ў аддзеле дакументацыi, пакуль не скончыцца Двуххвiлiнка Нянавiсцi. Ён сеў у тым самым радзе, што i Ўiнстан, за два крэслы ад яго. Памiж iмi сядзела маленькая жанчына з валасамi пясочнага колеру, што працавала ў суседнiм з Ўiнстанам кабiнеце. Дзяўчына з чорнымi валасамi села якраз за спiнай.



9 из 277