
II
Адразу за Гракавам - пыльным мястэчкам з тузiнам старых камянiц i сотняй вясковых хат, - ляжыць агромiстае поле. Свойчас усходнi, дальнi ад мястэчка клiн, перааралi "кiраўцамi" - зьбiралiся, вiдаць, нешта пасеяць, але нiчога не пасеялi; ральля зь цягам часу ўзялася дзiрванам i нагадвала цяпер пральную дошку. Па гэтым клiне - ачайна бразгаючы ўсiм сваiм жалезным начыньнем i плаксiва скуголячы рухавiком - i кратаўся вайсковы ўазiк. Унутры яго сядзелi чатыры вайскоўцы: палкоўнiк, маёр - ён круцiў "абаранак", - а таксама два шарагоўцы, якiя калацiлiся на заднем сядзеньнi, раз-пораз кранаючыся галовамi брызэнтавага верха.
Маёр, штохвiлiны мацюкаючыся, з шумам выпускаў паветра праз стуленыя вусны, гэтым самым як бы дапамагаючы ўазiку пераадольваць утравелыя калдобiны; а вось палкоўнiк лаяўся зрэдзьчасу - толькi тады, калi руля буйнакалiбэрнай зброi, якую трымаў адзiн з шарагоўцаў, стукала па карку. Пасьля кожнага такога ўдару палкоўнiк прамаўляў няўцямнае: - Йоп..., - шараговец адводзiў зброю ўбок, руля бiла па карку маёра i той дагаворваў пачатую палкоўнiкам фразу да канца.
Праехаўшы па ральлi паўтара кiлямэтры, машына выбiлася на роўнае й маёр, прытапiўшы понаж газу, зморана выдыхнуў:
- Фу, бляць...
Уазiк аб'ехаў высахлую балацявiну, абмiнуў купку чэзлага вербалозу i за брудным ветравым шклом задрыжэлi вiдарысы серабрыстага элiнгу i двухкрылага, падобнага да вялiкай страказы, "кукурузьнiка". Пабачыўшы самалёт, афiцэры шматзначна пераглянулiся: палкоўнiк палез у кiшэнь па цыгарэты, а маёр, адпусьцiўшы на хвiлю руль, задаволена пацёр узмакрэлыя далонi.
Месца, куды яны прыехалi, цяжка было назваць лётнiшчам. Тут стаяў усяго адзiн самалёт, а з аэрадромных пабудоў, апрача дзiравага элiнгу, стаяла жалезная бочка ды тырчэў шост з драцянай рэхвай на вершаку.
Зьмерыўшы вокам шост, палкоўнiк глыбокай зацяжкай дапалiў цыгарэту да фiльтра i, абцягнуўшы мундур, пайшоў да бабулi, якая даiла на ўскрайку поля рабую казу.
