
- Чаго расьселiся?! - грымнуў маёр Кукарэка, пырснуўшы сьлiнаю на палкоўнiцкую шыю.
Адзiн з шарагоўцаў - маленькi, чарнявы, з падбiтым левым вокам, - пачаў штосьцi казаць, глытаючы ежу i з усяго iм сказанага ўцямна прагучала толькi слова "выгружалi".
- А чаму жарэце як не ў сабе? - гукнуў у сваю чаргу палкоўнiк, зiрнуўшы на пончыкi, што грудком ляжалi на газэце.
- Два днi ня елi, таварыш старшы лейтэнант, - прамовiў, ужо больш уцямна, чарнявы шараговец i палкоўнiк, губляючы раўнавагу, тузануў плечуком:
- Разуй буркалы, с-салага!
Такой абразы гвардыi палкоўнiк Бурзачыла ня зьведваў за ўвесь час служэньня ў войску. Палкоўнiк яшчэ больш пачырванеў, потым спалатнеў, зубы ягоныя зайгралi польку, але доўжылася гэта кароткую хвiлю: ужо празь iмгненьне ён зацягнуўся цыгарэцiнай i злавесным голасам запытаў:
- Зь якой часткi?
Чарнявы салага панiк, скурчыўся, увабраў голаў у плечы i зацкавана паглядзеў на сябра - бялявага салагу з падбiтым правым вокам.
- Гэта мае... тэхнары з Мачульнiкаў, - працэдзiў маёр, панурыўшы вочы, прадукты ў буфэт прывезьлi.
Словы тыя як зь неба ўпалi. Ну вядома з Мачульнiкаў... Дзе ж яшчэ жаўнеры ходзяць някормленыя?.. Душа палкоўнiцкая адтаяла, цела зрабiлася лёгкiм, i палкоўнiк, зыркнуўшы на маёра, ужо лагодным голасам загадаў шарагоўцам бегчы да ўазiка. Зацягнуўшыся цыгарэтай, палкоўнiк Бурзачыла пашукаў вачыма сьметнiцу, а згледзеўшы яе на другiм канцы ходнiка, пстрыкнуў пальцам па сьлiнявым недапалку. Недапалак праляцеў ня меней дваццацi мэтраў i дакладна лёг у цэль.
- Вучыся! - цяпер ужо акрыялым голасам сказаў палкоўнiк маёру i дыхнуў таму ў твар разрэджаным цыгарэтным дымам.
