Маёр тым часам споўз, лежачы на жываце, долу i, наставiўшы на храпуна кулямёт, сувора прасiпеў:

- Iмя... Прозьвiшча...

Храпун узьняў рукi, прыхапiўся, грымнуўся галавой аб крокву й палкоўнiк адчуў на сваёй узмакрэлай шыi казытлiвую парахню, якая сыпанула з даху.

- Кудзёлка... Аляксей... - прамовiў храпун, зьвёўшы вочы да кулямётнага дула.

- I хто такi? - ужо больш лагодна запытаўся маёр.

- Ды тут... працую... пiлётам сельгасавiяцыi.

- Злазь, ты нам патрэбны, - падаў голас палкоўнiк, зь вiдочным хваляваньнем закiдваючы ў рот чарговую цыгарэцiну.

Пiлёта таксама апанавала хваляваньне. Яму нават мову заняло: нiжняя скiвiца пiлётава дробна задрыжэла й сунялася толькi тады, калi маёр апусьцiў кулямёт долу.

- Ды ў мяне палiва... на пяць хвiлiн лёту, - выдыхнуў пiлёт пераселым ад хваляваньня голасам, - нават да Менску не дацягнем.

- Нам у Менск i ня трэба. Акурат за пяць хвiлiн i ўправiмся.

Пiлёта такiя словы зьбянтэжылi. Ён апусьцiў рукi, пацёр далоньмi па споднiках, а ўцямiўшы, што пiраты прыехалi на бэнзавозе, змучана шморгнуў носам.

- Кола задняе зьняў. Трэба новая ўтулка.

Запанавала цiша. Нават певень кiнуў кудактаць i цяпер ужо палкоўнiку прысьпела пара шморгнуць носам i пачухаць прыцярушаную парахнёй патылiцу.

Пiлёт iшоў да машыны як бальшавiк на расстрэл - у кальсонах, прыпадаючы на левую нагу, пазiраючы праз плячук на кулямётную рулю, - а калi выходзiў зь весьнiц, аднекуль з суседняга агарода даляцеў помсьлiвы голас знаёмай бабулi:

- Таварышы, ён i Лукашэнку лаяў!

...Да лётнiшча ехалi што духу: разганяючы курэй i стукаючыся скронямi аб кулямётную рулю. Маёр наўмысна пасадзiў пiлёта на задняе сядзеньне i даў у рукi зброю. Такiя захады мусiлi пераканаць небараку, што перад iм не паветраныя пiраты, а абаронцы мiрнага неба Садружнасьцi.

Мiж тым выгляд пiлётавы прагнуў спагады: нiжняя скiвiца дробна дрыжэла, вочы заплылi, у валасы ўбiлася саламяная пацяруха, а спусьцiсты лоб баранавалi кроплi хвараблiвага поту, якiя, зрываючыся, цёмнымi плямамi пакрывалi падштанiкi. Пiлёта даймала пахмельле.



15 из 25