
Гледзячы на небараку, палкоўнiку манулася дапамагчы хлопцу, падтрымаць шчырым словам, але словы такiя не прыходзiлi ў галаву - палкоўнiк маўчаў i толькi ля самага лётнiшча, згадаўшы пра бабулю, пранiкнёна запытаўся:
- Што гэта за порхаўка... казу пасе?
- Сазонiха, - буркнуў пiлёт, зiрнуўшы ў вакенца, - жыве ў крайняй хаце. Зьвягня, якiх сьвет ня бачыў.
Пiлёт змоўк, а палкоўнiк, узбадзёраны такiм адказам, тыцнуў пальцам у шыбу.
- А гэта што там за шост з абручом?
Не павярнуўшы галавы, пiлёт уздыхнуў, перакрывiўся як ад зубнога болю.
- "Каўбаса" была, ды ветрам падрала.
Уазiк абмiнуў рабую казу, праехаўся па полi i загамаваў у двух мэтрах ад "кукурузьнiка", ля якога завiхалiся два шарагоўцы: чарнявы выцiраў анучкаю перапэцканыя салiдолам пальцы, а бялявы сядзеў на траве i смалiў цыгарэту.
У самалёта й сапраўды адсутнiчала задняе кола - хвост стаяў на калодзе, а пад хвастом, у поўным бязладзьдзi ляжалi падшыпнiкi, патрубкi, кувалда з манцiроўкаю, зашмальцаваная ватоўка, прыцiснутая да зямлi блiскучым валам; апрача таго да хваста быў прыхiнуты мэталёвы брус, цень ад якога перакрыжоўваў увесь гэты натурморт, а разам зь iм i ўсе палкоўнiцкiя надзеi ды спадзяваньнi.
Палкоўнiк паклаў рукi на цёплую абшыўку самалёта, прыцiснуўся да абшыўкi лобам i заплюшчыў павекi.
Апэрацыя была правалена, але ў душы палкоўнiцкай не было нi жалю, нi роспачы, нi хваляваньня. На душы было лёгка, прасьветлена i чыста. Палкоўнiк уявiў, як ён прыйдзе заўтра ў свой габiнэт, падцягне па старой звычцы гiру старога гадзiньнiка, потым нетаропка сядзе за стол i, ускудлацiўшы непаслухмяныя кучары, размашыстым почыркам напiша рапарт. Потым ён прысмалiць цыгарку, падыйдзе да вакна i, глянуўшы долу, убачыць буфэтчыцу Тосю. Тося адорыць яго белазубай усьмешкай, сарамлiва абцягне спаднiцу i тут жа крутнецца на высокiх абцасiках, падступна агалiўшы крамяныя сьцёгны.
