Палкоўнiк уздыхнуў, сьлiзгануў даланёй па вiльготных павеках i пачуў раптам бадзёры голас чарнявага шарагоўца.

- Утулка паляцела.

- Цямiш, - адгукнуўся на тое пiлёт, з балесным вохканьнем выдыхнуўшы паветра.

- У прынцыпе, можна ўзьляцець i бяз кола, - iзноў падаў голас шараговец, трэба якi кавалак дрэва прымацаваць - зьняць кару, змазаць салiдолам...

Палкоўнiк страпянуўся, ляпнуў даланёй па абшыўцы, умольна зiрнуў на пiлёта. Пiлёт стаяў, як кол пракаўтнуўшы: лыпаў буркаламi, церабiў падштанiкi i невядома колькi б усё гэта доўжылася, ды тут палкоўнiк ляпнуў пальцамi па шыi, зганяючы казытлiвую кузурку й пiлёт, па-свойму зразумеўшы такi жэст, нясьмела прамармытаў:

- Можна паспрабаваць.

"Канешне можна!" - хацеў было крыкнуць палкоўнiк, але стрымаўся, адно захоплена пацёр далоняй аб далонь, а калi хлопцы кiнулiся да элiнгу - за пiлой i сякерай, - воплескамi прысьпешыў iхны бег.

У нябесным прыцiне залiвалiся жаўрукi, пад нагамi гулi чмялi i восы, жоўтае дзьмухаўцовае поле лашчыла пагляд, але палкоўнiк нiчога ня чуў i ня бачыў. Ён утрапёна хадзiў вакол самалёта, мармытаў сабе пад нос штосьцi дарэшты няўцямнае, вадзiў рукамi ў паветры, мадэлюючы дзеяньнi на зьнiшчэньнi паветранага шара й маёру давялося гучна гвiздаць - у два, а потым у чатыры пальцы, перш чым палкоўнiк ачуўся i зiрнуў у бок легкавушкi. Маёр тыцнуў пальцам у неба, паказваючы, што тэлефануе шэф i палкоўнiк у вадказ рашуча махнуў рукою: размаўляць з шэфам такой парой яму нiяк не выпадала.

... Мядовы ветрык даносiў да вушэй абрыўкi фраз:

- ... Ажыцьцяўляем сачэньне... на перахоп паднятая эскадрыля зьнiшчальнiкаў... зьнiшчыць цэль загадана экiпажу самалёта... - галава маёрава на кароткае iмгненьне вытыркнулася з кабiнкi, - ... з бартавым нумарам ноль-дваццаць чатыры... Будзем рупiцца, таварыш генэрал...



17 из 25