
З самалёта вылазiлi нетаропка: спачатку вылезьлi Кукарэка з шарагоўцам, потым пiлёт Кудзёлка. Кудзёлка доўга абабiваў падштанiкi, запраўляў кашулю i штосьцi казаў пры гэтым, кiваючы галавой у бок сазоньчынай хаты. Нарэшце ўсе трое сталi шыхтом i, не раўнуючы як касманаўты па касмадрому, рушылi па полi, са стрыманай мужнасьцю бухаючы чаравiкамi па ўтравелай сьцяжыне. Сьледам за iмi пайшла й каза Дуся, ды неўзабаве мусiла спынiцца, бо была прывязана вяроўкай да калка. У трох мэтрах ад палкоўнiка тройца бухнула чаравiкамi астатнiм разам, зьнерухомела й Кукарэка, паправiўшы на плячы кулямёт, прыклаў далонь да сьсiвелай скронi.
- Таварыш палкоўнiк! Загад камандаваньня... - маёр глытнуў паветра, каб скончыць фразу, але палкоўнiк з воклiчам: - Усё ведаю! - рынуў да сябра, абхапiў таго за шыю, смачна плюснуў у няголеную шчаку. Потым ён сьцiснуў мазолiстую кудзёлкаву руку, але рука раптам спалохана тарганулася i пiлёт з жахам у голасе прашаптаў:
- Сазонiха...
- А людцы мае добрыя! А што ж гэта робiцца-а! - скалануў прасьцяг жаночы лямант i ўсе павярнулi галовы.
Сазонiха бегла па полi - ускудлачаная, расхлiстаная, падабраўшы доўгую спаднiцу i з рагачом ва ўзьнятай руцэ.
- Канец! - вылаяўся Кудзёлка, матлянуўся некуды ўбок, потым спынiўся, падцягнуў кальсоны i вiхлястым алюрам пабег да самалёта.
Пiлёт хацеў, вiдаць, схавацца ў самалётным нутры, але Сазонiха пайшла напярэймы; яны двойчы аббеглi самалёт, Кудзёлка на хаду садраў зь вiнта палiнялыя трусы, кiнуў iх у твар ашалелай бабы i змораным подбегам кiнуўся ў адваротным накiрунку.
Тым часам у пагоню за пiлётам кiнулася й каза Дуся.
