
- Забiлi-i... Кудзёлку забiлi-i! - залямантава старая, ды такiм страшным голасам, што Кудзёлка падхапiўся на ногi, штосьцi закрычаў ёй усьлед, а палкоўнiк, цыркнуўшы сьлiнай, незадаволена прамармытаў:
- Увесь Гракаў падыме, корга дурная.
III
- Вунь там паглядзi, у кустох!
Маёр азiрнуўся, пачухаў карак, без асаблiвай ахвоты палез у кусты. Пад нагой маёравай затрашчаў сушняк, плюхнула вада i з кустоў, шалёна лопаючы крыламi, вылецела нейкая драпежная птушка.
Прыслухоўваючыся да зыкаў, што даляталi з хмызьняку, палкоўнiк прыпалiў цыгарэту, мелькам зiрнуў на гадзiньнiк.
Час iшоў. Ужо больш як гадзiну яны лазiлi па кустах у пошуках рэшткаў балёну, але нiчога не знаходзiлi. Дый цяжка было штосьцi знайсьцi ў гэтых хмызах. Тут, як на добры лад, трэба было кiдаць роту жаўнераў на прачэсваньне, а яны нават двух сваiх шарагоўцаў пакiнулi ў Гракаве - ставiць плот ды рамантаваць куратнiк.
Палкоўнiк захлынуўся тытунёвым дымам, але, адчуўшы пяршэньне ў горле, кiнуў недапалак пад ногi.
Кукарэка вылез з кустоў хвiлiн празь дзесяць: увесь абсыпаны леташнiм лiсьцем i ў мокрых чаравiках - увалiўся, вiдаць, у ручай. Правую руку гвардыi маёр трымаў неяк дзiўна: стваралася ўражаньне, што ён злавiў нейкага жука i сьцiскаў ў жменi, але, калi Кукарэка падышоў блiжэй, палкоўнiк угледзеў на ягонай далонi маленькае блакiтнае колца.
- Зьняў з дрэва, над ручаём, - патлумачыў маёр, падкiнуў знаходку ў паветра, а палкоўнiк, спрытна перахапiўшы, нацубiў колца на палец правай рукi.
