Маёр Кукарэка - гэты зацяты хапуга, якi краў нават лыжкi ў жаўнерскай ядальнi, меў здольнасьць пераўвасабляцца ў бязьвiнную авечку. Маёра колькi разоў хапалi на гарачым, аднаго разу - калi з палкавога складу зьнiкла чатыры тоны масла - на яго нават завялi крымiнальную справу, аднак - дзiўная рэч! маёр, дзякуючы гэтаму самаму пераўвасабленьню заўсёды выходзiў сухiм з вады, i з пасадаў, а то й з войску выляталi ягоныя падзельнiкi.

Летась палкоўнiк i сам ледзь не зьляцеў з пасады, таму, пачуўшы кукарэкава бляяньне, счырванеў як гiпэртонiк. Ён хацеў адразу заехаць маёру мiж вачэй, ды, угледзеўшы бакавым зрокам двух шарагоўцаў, што сядзелi на лаве, аддзьмуўся, перакiнуў з аднаго кутка вуснаў у другi прытухлую цыгарку i гэтым самым утаймаваў свае нэрвы.

- Кулямёт ёсьць? - запытаўся палкоўнiк, папераменку пазiраючы то на маёравы ўазiк, то на двух схуднелых шарагоўцаў, якiя сядзелi ў цяньку i штосьцi жэрлi.

- Якi кулямёт? - не зразумеў маёр.

- Буйнакалiбэрны, йоп... - вылаяўся палкоўнiк, нэрвова смактануўшы амаль што затухлую цыгарку.

- Ёсьць... у Мачульнiках... - Кукарэка шморгнуў носам i два разы запар спатыкнуўся на роўным асвальце.

- У Мачу-у-ульнiках, - перадражнiў палкоўнiк. Засяродзiўшы вочы на канцы цыгарэты, ён яшчэ пару разоў смактануў i палез у кiшэнь за сярнiчкамi. - Да Мачульнiкаў сорак кэмэ, а ў нас кожная хвiлiна на ўлiку.

- Ёсьць яшчэ на лецiшчы, у Ждановiчах. Думалi ж на дзiкоў ехаць...

Шарагоўцы - з выгляду салагi-першагодкi - сядзелi на лаве i, не зважаючы на афiцэраў, елi гарачыя пончыкi.

"Тося пачаставала", - падумаў палкоўнiк, увабраўшы носам агiдны пах алею й яблычнага павiдла.

За колькi мэтраў ад лаўкi афiцэры запаволiлi крок, чакаючы, што шарагоўцы падхопяцца на ногi, але тыя й ня думалi падхоплiвацца i палкоўнiк, з астатнiх сiл утаймоўваючы лютасьць, павадзiў рукамi ў паветры, мадэлюючы той рух, якiм дырыгенты падымаць аркестры, а штабныя афiцэры ўзважваюць тугiя жаночыя грудзi. Шарагоўцы адарвалi ад лаўкi схуднелыя азадкi, выпрасталiся, прыцiснулi далонi да сьцёгнаў, але жаваць не перасталi i, як тыя хамякi, варушылi пашчэнкамi.



9 из 25