Яны маўклiва пастаялi крыху i пайшлi назад, уражаныя страшнай карцiнай гiбелi. I калi адышлi ўжо далёка, Скрут раптам спынiўся.

- Але што тады свяцiлася? - запытаўся ён.

- Сапраўды, - згадзiўся Балаш i прыпынiўся таксама. - А ты ўпэўнены, што гэта менавiта тут?

- Не... Хаця агеньчык павiнен мець нейкае дачыненне да карабля. Цяпер я ў гэтым не сумняваюся.

Балаш зiрнуў па баках. Горы, скалы, каменнi, сярод якiх ужо не вiдаць i зоркалёта. I зоркi зверху не такiя яркiя, як уначы, аднак прыкметныя ў разрэджаным атмасферным покрыве планеты.

- Вазьмi арыенцiр, - параiў ён Скруту, якi таксама спрабаваў нешта ўбачыць у наваколлi.

Скрут здзiўлена сказаў:

- Гэта ўбаку, бадай, з кiламетр...

- Пойдзем хутчэй, - адказаў Балаш. - Баюся, не паспеем дацямна.

Дарога была пакручастая. Мiнула яшчэ з паўгадзiны, калi Балаш сказаў:

- Недзе тут.

Каменны гушчар, здалося, стаў яшчэ больш непраходны. Наўрад цi можна было ў iм што заўважыць, i Скрут недаверлiва спытаў:

- Тут?

На гэты раз яны не памылiлiся. Выпадкова зiрнуўшы на вяршыню абрывiстай, быццам ссечанай, скалы, Балаш ускрыкнуў. Там было нешта падобнае на пячору. Уваход, нiбыта зашклёны, цьмяна паблiскваў, адлюстроўваючы скупыя барвовыя промнi надвячоркавага свяцiла.

Спатрэбiлася яшчэ з паўгадзiны, пакуль Балаш са Скрутам дабрылi да месца, ад якога можна было дабрацца да пячоры. Угару вяла вузкая палоска, параўнаўча чыстая ад завалаў i, здавалася, сям-там падпраўленая - на схiле былi нiбы вырубленыя ў скалах прыступкi. Моўчкi людзi лезлi на гару. А ёй не было канца.

Пячора адкрылася раптоўна - дарога вывела Скрута i Балаша на невялiкую пляцоўку перад уваходам у яе.

- Будан... - шапнуў Скрут.

- Сакля... - сказаў Балаш.

Перад iмi стаяла сцяна. Гладкая i роўная, авальнай формы, яна паблiсквала адлюстраваным святлом, нiбы адшлiфаваны агат.



11 из 18