
Стомленыя крутой дарогай, людзi стаялi перад дзiўнай пабудовай, не разумеючы, што гэта.
- Маяк, - выказаў здагадку Скрут.
- Для каго? - Балаш ва ўсiм хацеў бачыць сэнс.
Менавiта ў маяку ён яго не ўбачыў. Ён паўтарыў пытанне:
- Для каго? Да карабля не меней кiламетра, i яго не вiдно адсюль. Хто ставiць знакi, якiя нiчога не гавораць?
- Можа, маяк быў пастаўлены кiмсьцi раней? Астралётчыкi заўважылi яго сiгналы, павялi сюды зоркалёт i неспадзявана тралiлi ў аварыю. Думаю, гэта слушна.
- Хутчэй рамантычна. А слушна?.. - Балаш пакiваў галавой. - Нагадвае стары касмiчны дэтэктыў.
Звычайна нешматслоўны, Балаш раптам зрабiўся гаваркi. Скрут са здзiўленнем адзначыў гэтую перамену ў паводзiнах таварыша. Вiдаць, i яго знаходка вывела з раўнавагi.
- Што гадаць. - Скрут пастукаў па чорнай сцяне кулаком, насцярожана прыслухаўся, недаверлiва паглядзеў на сваю руку, якая ў пальчатцы скафандра выглядала тоўстай i кароткай, i няўпэўнена сказаў: - Пустата.
Балаш падышоў да сцяны, сам пастукаў.
- Будзем ламаць? - запытаў Скрут.
- Зламаць проста. А што там? Хто рабiў, навошта? Ты можаш мне сказаць? Не? Дык цi маем мы права разбураць?
Скрут адчуў, што логiка Балаша пачала яго раздражняць. Калi так думаць, то нельга нават на чужыя планеты апускацца. Раптам што пашкодзiш. I, стрымлiваючы злосць, Скрут павольна, стараючыся таксама быць лагiчным, загаварыў:
- Маем. Маем права. На планеце няма жыцця. Толькi рэшткi зямнога зоркалёта. Гэтая сцяна мае да яго нейкае дачыненне. Калi гэта нават чужы маяк, то ён мог паслужыць прычынай гiбелi зямлян. Мы проста абавязаны даведацца, што гэта такое!
Балаш слухаў не пярэчачы. Калi Скрут скончыў, ён, згаджаючыся, сказаў:
- Адыдзi, схавайся.
- Давай я, - запратэставаў Скрут. - Табе весцi планеталёт. I ўрэшце... Я заўважыў агеньчык.
- Права першаадкрывальнiка? - усмiхнуўся Балаш. - Згодзен.
