
Цi можа такое вытрываць чалавек? Скрут не таiўся перад сабой. Для яго гэта была не проста цiкаўнасць. Ён нiколi не забываў, як гняла яго абмежаванасць прасторы ў зоркалёце. Яна была нiшто ў параўнаннi з прасторай Сусвету. I ў гэтай неадпаведнасцi яму бачылася нешта ненатуральнае, варожае. Чалавек па iдэi - вольны. Скрут разумеў свой стан i нiчога не мог з сабой зрабiць. Але яму было лягчэй. З iм заўсёды знаходзiлiся таварышы з дзяжурнай змены, яго ахоўвала моц магутнага зоркалёта. Дзе браў стойкасць гэты касманаўт? Што надавала яму сiлы? Адчуванне чалавечай годнасцi? Але ж пра гэта i Скрут нiколi не забываў...
"Ох, як гэта невыносна, калi дзейнiчае мозг. Раней мне здавалася гэта шчасцем, а зараз мне часам хочацца пашукаць нейкую там кнопку, каб хоць на iмгненне выключыць мозг, забыцца i пазбыцца свайго становiшча".
Узняўшы вочы ў час адной з паўз, калi чулася толькi патрэскванне рацыi, Скрут заўважыў побач з ложкам корпус робата. Ён быў латаны i пералатаны. Заклёпкi i швы на абшарпаным металiчным корпусе робата, можа, ярчэй за ўсё раскрылi Скруту жудасную карцiну апошнiх месяцаў жыцця чалавека, якi стараўся падоўжыць iснаванне свайго адзiнага памочнiка. Гэты робат расчысцiў чалавеку дарогу да пячоры, надзейна абсталяваў яе, каб чалавек мог жыць там столькi, сколькi хопiць энергii ва ўцалелых акумулятарах i сонечных батарэях. I, напэўна, чалавек дзялiўся з робатам, аддаючы яму большую частку энергii, не зважаючы на свой холад i голад.
Але робат не меў чалавечай вынослiвасцi. Ён знерухомеў раней чалавека. Скрут уявiў сабе роспач, якая авалодала тады чалавекам...
Нiбы ведаючы наперад аб гэтых думках Скрута, чалавек сказаў: "Сёння я застаўся без Ацiлы..."
Адна фраза, i нi слова больш, нiводнай скаргi, нягледзячы на тое, што для яго гэта было пачаткам канца.
Скрут падумаў, што яму не так лёгка будзе зразумець гэтага чалавека, замураванага ў скале далёкай планеты i непахiснага ў сваёй волi. Чалавек не спадзяваўся, што яго калi-небудзь, хай сабе i пасля смерцi, знойдуць. Ён разважаў сам з сабой, бо меў, вiдаць, адзiную слабасць - патрэбу ў субяседнiку.
