Скрут патрымаў iх у руках, нiбы ўзважваючы, яшчэ раз зазiрнуў у нiшы i закуткi пячоры i спытаў:

- Пачытаем на караблi?

- Тут, - сурова выгукнуў Балаш.

Скрут здзiвiўся незвычайнай суровасцi, якая прагучала ў яго голасе. Але згадзiўся i сеў на камень, што, напэўна, некалi служыў гаспадару сталом. Потым уставiў крышталiкi ў гуказдымальнiк, якi за многа дзесяцiгоддзяў iстотна не змянiў сваёй канструкцыi, падключыў рацыю, каб можна было чуць запiс у шлемафонах, i сказаў:

- Гатова...

Толькi тады Балаш павярнуўся да святла - рэзкi, рашучы.

- Уключай! - загадаў ён i пайшоў да ложка. Так i стаяў ён увесь час, пакуль зямлянiн няспешна расказваў пра сваё жыццё.

А ў Скрута не хапiла адвагi стаць побач з iм - ён не мог глядзець на рэшткi гэтага чалавека, чый раздумны голас прыглушана i павольна гучаў у шлемафоне.

Невыносна замаруджана цяклi хвiлiны, раскрываючы вялiкую трагедыю зоркалёта i таго, хто застаўся адзiн з вялiкага экiпажа.

"...Перада мной выбар, - нiбы раячыся з субяседнiкам, гаварыў астралётчык, - памерцi зараз цi паспрабаваць жыць... Я не агаварыўся. Iменна паспрабаваць. Гэта жыццё не прынясе мне радасцi. Я не змагу калi-небудзь вярнуцца на Зямлю. Пра мяне, напэўна, нiколi нiхто нават не даведаецца наўрад цi якi карабель забрыдзе ў гэты раён. Я не змагу нават выбрацца з пячоры - косцi абедзвюх ног раструшчаны ў час катастрофы. Я не магу сам сабе зрабiць аперацыю, бо калi змог бы вытрываць боль, то трэба мець яшчэ герметычную камеру - яе таксама няма. Такiм чынам мая будучыня - адзiнота, нерухомасць, безнадзейнасць. Але я не прымаю смерць. Пакуль я магу - я павiнен жыць. Не таму, што iнстынкт мацнейшы за волю i я чапляюся за жыццё. Я павiнен жыць, бо я - чалавек i ў мяне яшчэ дзейнiчае мозг..."

Скрут слухаў i ўяўляў сабе разбiты выбухам зоркалёт, мёртвую планету i адзiнокага скалечанага чалавека, якому шчаслiвы, а хутчэй нешчаслiвы выпадак падараваў жыццё i якому належала пакутаваць ад бездапаможнасцi i бяссiлля доўгiя-доўгiя днi, месяцы, гады.



14 из 18