- Аптычны падман...

Скрут не стаў пярэчыць. Ва ўтульным салоне, у прывычных абставiнах яму цяпер i самому пачало здавацца, што ён, вiдаць, памылiўся. Але пазней раптам устрывожыла думка: а калi памылкi не было?

- Схадзi, паглядзi яшчэ, - дазволiў Балаш. Убачыўшы, як Скрут перасмыкнуў плячамi, дадаў: - Разам пойдзем.

На другi дзень грудок, што склаў Скрут, яны знайшлi лёгка. Адсюль, з самага верху ўзгорка, было вiдаць далёка. Мясцовасць была гарыстая. I ў тым напрамку, дзе ўначы вiсеў Сiрыус, як ставала вока, таксама цягнулiся скалы, абрывiстыя, голыя.

- Туды не дабрацца, - Балаш сказаў гэта мякка, спачувальна. Ён усё яшчэ думаў, што Скруту гэта прымроiлася, i не хацеў яго расчароўваць.

- Давай пусцiм ракету, хай сфатаграфуе той раён. А потым паглядзiм здымкi. Балаш усмiхнуўся:

- Рабi...

Праз некаторы час робат даставiў плёнку на ўзгорак. Касманаўты ўважлiва прагледзелi яе. Нiчога адметнага - той жа каменны хаос.

- Пачакаем дацямна, - пашкадаваў таварыша Балаш. - Хаця яму зусiм неабавязкова блiскаць зноў.

Агеньчык успыхнуў у той жа час, як i ўчора. Некалькi секунд ён гарэў роўна, потым мiргнуў - раз, другi, трэцi, быццам нехта падаваў нейкi ўмоўны сiгнал, i знiк, як растварыўся, у чорнай прасторы. Яны зноў не паспелi зафiксаваць яго прыборамi, удакладнiць напрамак - надта неверагодным уявiлася яго iснаванне. Яны проста ўпэўнiлiся, што ён ёсць.

Збянтэжаны Балаш толькi чмыхнуў. А Скрут, не тоячыся, паскардзiўся:

- Мне страшна, Павел...

- Баяцца нам няма чаго, - адказаў заклапочаны Балаш, але i сам адчуў сябе нiякавата. - Хутчэй за ўсё гэта нейкi мiнерал.

Ва ўсiх касмiчных даведнiках планета значылася як пазбаўленая жыцця. Iх даследаваннi, назiраннi таксама пацвердзiлi гэта. I раптам, калi тэрмiн iх знаходжання тут падыходзiць да канца, планета вырашыла падкiнуць загадку...

- Заўтра пайду ў горы, - пасля доўгага роздуму прамовiў Скрут.



2 из 18