Балаш не адказаў. Ён адчуў за гэтымi словамi маленькую перамогу Скрута над сабой - яму ж бачылася ва ўсiм гэтым нешта невытлумачальнае i таму страшнае. Балаш разумеў, што няўпэўненасць Скрута ў сваiх сiлах, у сабе, магчыма, iдзе ад вялiзнай нервовай напружанасцi, перажытай за апошнiя гады. У экспедыцыi Скрут быў не самы маладзейшы. Аднак, вiдаць, справа не ва ўзросце. Iншыя больш мужна пераносiлi нягоды i час працяглага вандравання. А Скрут - чалавек занадта ўражлiвы, схiльны да захапленняў, актыўнай дзейнасцi - неўзабаве пасля старту пачаў пакутаваць ад аднастайнасцi. Ён не захацеў, каб яго паклалi ў анабiёзную камеру, - лiчыў недаравальным патрацiць марна хоць часцiнку свайго жыцця. Але не знайшоў сябе i ў вахценнай камандзе. Праўда, паскардзiцца на тое, як ён выконвае свае абавязкi, сябры не маглi. Проста яны заўважылi, што яшчэ зусiм нядаўна няўрымслiвы, неспакойны Скрут зрабiўся надта флегматычны. Вiдаць, прастора аказала адмоўны ўплыў на яго больш, чым на астатнiх.

Калi надышоў час першай разведвальнай вылазкi, таварышы адразу прапанавалi паслаць у яе Скрута. А ў напарнiкi яму далi вопытнага Балаша.

На першым часе здавалася, што да Скрута вярнуўся ранейшы стан. Але рэцыдывы касмiчнай хваробы засталiся. Балаш даўно не помнiў, каб вось так, сутыкнуўшыся з невядомым, нават пагрозлiвым, касманаўты выказвалi боязь. Звычайна было наадварот. Небяспека мабiлiзоўвала душэўныя сiлы, прымушала дзейнiчаць. Праўда, i Скрут не хаваўся, нават баючыся. Аднак тут, вiдаць, справа ў тым, што ён хоча знайсцi сябе i таму не хавае сваiх пачуццяў ад таварыша. I, можа, знойдзе, калi адпусцiць яго на пошукi агеньчыка. Хай пераканаецца, што гэта хоць i не вядомая пакуль, але ўсяго толькi якая-небудзь звычайная з'ява прыроды.

Балаш ужо быў гатовы адказаць на словы Скрута згодай, аднак перадумаў. У яго не было ўпэўненасцi ў тым, што той агеньчык можна знайсцi. Хутчэй за ўсё тут вiнаваты якi-небудзь крышталь. У пэўны час на яго трапляе зорнае святло, i тады ён пачынае палымнець у начной цемры. Удзень яго, зразумела, не заўважыш.



3 из 18