
- Слушна... - Балаш сеў на ложку.
- Застаецца другое - нешта жывiць той агеньчык. Ёсць нейкая крынiца. Так?
- Дапусцiм.
- Такой крынiцай можа быць вось што, - Скрут паказаў рукой на вясёлкавы зайчык, якi застыў на сцяне. - Учора, дарэчы, увесь дзень было пахмурна.
- Але ж гэта азначае... - уражаны Балаш не скончыў фразу. - Што мы маем, магчыма, справу з нечым падобным на сонечную батарэю. Удзень яна набiрае прамянiстую або цеплавую энергiю. А пасля аддае, - заключыў яго думку Скрут.
- Смела прыдумана... - зараз Балаш ужо не iранiзаваў. Ён адчуў у разважаннях Скрута нейкую праўду. I ён сказаў: - Калi сёння мы ўбачым агеньчык, я затрымаю адлёт. На суткi. Iнакш...
Балаш не дагаварыў. Але Скрут i так ведаў, што ён мог сказаць, i быў вельмi ўдзячны таварышу. Толькi цяпер яго ўжо не мучылi сумненнi. Што б там нi хавалася за гэтым агеньчыкам, ён, безумоўна, быў цiкавай з'явай чужой прыроды. Вартай, каб з ёй пазнаёмiцца блiжэй.
Скрут не памылiўся. У пэўны час пад Сiрыусам засвяцiлася чырвоная кропка. Потым яна мiргнула тры разы i згасла. Але цяпер яе месца было запеленгавана. I ледзь развiднела, Скрут з Балашам адправiлiся да горнага хрыбта. Узброiлiся зусiм па-зямному - альпенштокамi, чаравiкамi з вострымi шыпамi. I толькi прыборы, якiя маглi дапамагчы iм заўважыць у наваколлi металiчныя прадметы, рабiлi iх больш падобнымi на геолагаў, чым на альпiнiстаў.
Яны iшлi, пераскакваючы расколiны, абходзячы непрыступныя пiкi, спускаючыся ў цяснiны i ўзбiраючыся на абрывiстыя скалы. У зямных умовах яны наўрад цi адолелi б такую дарогу. Але на планеце, меншай за Зямлю, была меншай i iх вага.
Яны спынiлiся адпачыць каля невысокага плато. Там, за пад'ёмам, павiнен быць той самы агеньчык. Да яго ўжо рукой падаць.
