Сiгнал электроннага сакратара прагучаў знянацку. Скрут яго чакаў - i ўсё роўна ўздрыгнуў. Потым памiргаў вейкамi, адганяючы насланнё. Пад Сiрыусам, як i хвiлiну або гадзiну таму назад, была непарушная чарната. Яна рэзала вочы, наганяла слёзы, i не было ў ёй колiшняга агеньчыка. Ашаломлены Скрут не варушыўся i ўсё чакаў, чакаў...

Напэўна, мiнула многа часу, калi Балаш нарэшце сказаў:

- Пойдзем...

Вяртанне было сумнае. Балаш адключыў электроннага вадзiцеля i сам круцiў штурвал усюдыхода, выбiраючы дарогу сярод каменняў. Скрут быў удзячны яму за гэта. Чаму ж не стала агеньчыка, якi да гэтага з'яўляўся са здзiўляючай дакладнасцю? А можа, праўда на баку Балаша? З гэтым не хацелася пагаджацца. Скрут думаў, думаў, i яму ўвесь час здавалася, што ён не можа зразумець нешта iстотнае, вельмi важнае.

Скрут заснуў толькi з дапамогай электраўсыпляльнiка. Але i ў сне нейкая думка, знаёмая i няўлоўная, свiдравала мозг.

Гэту думку Скрут амаль зразумеў, калi прачнуўся ранiцай. У iлюмiнатар зоркалёта бiлi барвовыя промнi тутэйшага сонца. У iх святле, як i на Зямлi, кружылiся драбнюткiя пылiнкi. А ўчора iх не было. Не было, не было...

Скрут усмiхнуўся здагадцы i ўсёй далонню нацiснуў на кнопку сiгналу ўнутранай сувязi:

- Павел! Павел!

Дынамiк пабудзiў Балаша.

- Што такое? - запытаўся ён. - Даў бы адаспацца.

- Гэта не мiнерал, Павел! - ужо радасна крычаў Скрут.

- Ты што, знайшоў яго? - iранiчна прамовiў Балаш.

- Зараз! Зараз! Чакай, я прыйду!

Праз некалькi секунд Скрут уварваўся ў каюту Балаша i плюхнуўся ў крэсла побач з ложкам.

- Неба было чыстае? - пытаўся ён у Балаша.

- Уначы? Чыстае.

- Але агеньчык не свяцiўся?

- Не.

- Значыць, гэта... ну тое, што ты называеш мiнералам, свецiцца не адлюстраваным святлом якой-небудзь зоркi. За адну ноч, ты гэта ведаеш не горш за мяне, яны не маглi прыкметна перамясцiцца на небе. Яны практычна нерухомыя. Значыць, гэта нешта свяцiлася або само па сабе, або дзякуючы нейкай сiлкавальнай крынiцы. Першае адпадае, бо iнакш мы бачылi б агеньчык учора. Згодзен?



8 из 18