
Паскарэнне змяншалася. Хтосьцi з'явiўся ў дзвярах i нешта крыкнуў. Ужо можна было ўстаць. Усе рушылi ў тыя дзверы, што вялi ў галоўную рулявую рубку. Пiркс увайшоў апошнi. Экран восем на шаснаццаць метраў займаў усю пярэднюю сцяну - увагнуты, вялiзны, як у кiнатэатры для гiгантаў. Усе агнi ў рубцы былi патушаныя. У прасторы, на чорным з зоркамi фоне, нiжэй галоўнай восi "Тытана", у левым квадранце, тлела тоненькая рысачка, якая заканчвалася распаленым вiшнёвым вугельчыкам, падобным на агеньчык цыгарэты. Яна была ядром бледнага, крыху сплюшчанага пухiра, ад якога ва ўсе бакi разыходзiлiся танклявыя вострыя парасткi; праз гэта шарападобнае воблака ўсё больш выразна прабiвалася святло найбольш яркiх зорак. Раптам усе тарганулiся наперад - нiбыта хацелi ўвайсцi ў экран. Зусiм нiзка, у правым нiжнiм кутку, блiснула памiж сапраўдных зорак белая кропачка - i стала хуценька мiргаць. Гэта быў "Парыў".
"У рэактары Альбатроса пачалася непадуладная нам ланцуговая рэакцыя кропка маю страты людзей кропка ёсць абгарэлыя кропка прашу дактароў кропка перадатчык пашкоджаны выбухам кропка пацёк рэактар кропка гатоў да катапульты рэактара калi не спыню яго працяканне кропка", - расшыфроўваў Пiркс мiрганне кропкi.
"Альбатроса" ўжо не было бачна. Пасярод зорак вiсеў цяжкi бурштынава-бела-буры клуб дыму, выпучаны зверху грывастым нарастам. Ён апускаўся ўсё нiжэй, перабiраўся ў нiжнi левы вугал экрана - "Тытан" прайшоў над iм, пракладваючы новы курс з сектара катастрофы.
У глыбiню цёмнага пакоя з дзвярэй радыёрубкi ўпала доўгая палоска святла. Быў чутны глас "Балiстычнага":
- "Балiстычны восем" Месяцу Галоўнаму. Застопарыў у цэнтральнай частцы сектара 65. "Парыў" у нанапарсеку пада мной сiгналiзуе аптычна пра страты людзей i пра пацёклы рэактар, гатовы да катапульты рэактара, выклiкае лекарскую дапамогу. Пошукам экiпажа "Альбатроса" перашкаджае заражэнне вакуума радыёактыўным воблакам з тэмпературай на паверхнi звыш 1200 градусаў. Знаходжуся ў аптычнай зоне "Тытана" Марс - Зямля, якi рухаецца каля мяне поўным ходам, выходзячы ў сектар 66. Чакаю з'яўлення "Кобальда сем нуль два" для правядзення сумесных мераў выратавання. Канец.
