
Усе пазiралi на камандора.
- Калега Мiндэл, - сказаў ён. - Застопарым у нанапарсеку?
Мiндэл пазiраў на цыферблат свайго гадзiннiка.
- Не, камандор. Мы ўваходзiм у аптычную зону. Спатрэбiлася б шэсць жэ.
- Тады зменiм курс.
- Усё роўна будзе ў крайнiм выпадку тры, - прамовiў Мiндэл.
- Цяжка.
Камандор устаў, падышоў да мiкрафона i пачаў гаварыць:
- "Тытан" Марс - Зямля Месяцу Галоўнаму. Не магу застопарыць, у мяне надта вялiкая хуткасць. Мяняю курс абыходным манеўрам на палове магутнасцi рухавiкоў i выходжу курсам дзвесце два з сектара 65 у сектар 66. Прашу адкрыць мне шлях. Прыём.
- Прымiце паўтор, - звярнуўся ён да мужчыны, якi раней сядзеў побач з iм. Мiндэл штосьцi крычаў па ўнутраным тэлефоне. Няспынна гулi зумеры. На насценных табло ўспыхвалi агеньчыкi. Раптам нiбыта пацямнела - гэта кроў адхлынула ад вачэй. Пiркс шырока расставiў ногi. "Тытан" тармазiў на павароце. Карабель ледзь прыкметна вiбраваў, чулася працяглае, на высокай ноце гудзенне рухавiкоў.
- Сядайце! - крыкнуў камандор. - Мне не патрэбны тут героi! Зараз тры жэ!
Усе селi на падлогу, дакладней, павалiлiся на яе. Яна была ўкрыта тоўстым слоем пенапласту.
- Ну i ну! Зараз усё там патаўчэцца! - прамармытаў чалавек, якi сядзеў побач з Пiрксам. Камандор пачуў гэта.
- Страхавое таварыства заплацiць, - адказаў ён са свайго крэсла.
Здаецца, было больш за тры жэ - Пiрксу цяжка было паднесцi руку да твару. Усе пасажыры ляжалi, напэўна, у каютах, але што рабiлася на кухнях, у сталоўках! Ён уявiў сабе аранжарэю. Гэтага ж нiводнае дрэва не вытрымае. А ўнiзе? Цэлыя вагоны разбiтай парцэляны! Неблагое вiдовiшча!
Рэпрадуктар адгукнуўся:
- "Балiстычны восем" да ўсiх. Знаходжуся ў аптычнай зоне "Альбатроса". Ён - у хмары. Карма перагрэлася. Перапыняю тармажэнне i пасылаю ў прастору атрады для пошуку экiпажа "Альбатроса". "Парыў" не адказвае на пазыўныя. Канец.
