
Пiркс лёг. Нябачныя пашчы клiматызатараў пасылалi на галерэю палубы парывiстыя патокi ветру, здавалася, што дзьме проста з чорных глыбiняў неба. Канструктары, паслугамi якiх карыстаўся "Трансгалактык", ведалi сваю справу. Ляжак быў удалы - бадай, больш удалы, чым крэсла пiлота, хоць яно i было сканструявана на аснове дакладных матэматычных разлiкаў. Пiрксу стала холадна. Дзеля гэтага якраз i былi прымеркаваныя коўдры. Ён захутаўся ў iх, нiбыта нырнуў у пух.
Нехта кiраваўся сюды. Па лесвiцы, а не ў лiфце. Суседка па столiку. Колькi ёй можа быць гадоў? На ёй была ўжо iншая сукенка. А мо гэта зусiм iншая кабета? Яна ўлеглася праз тры лежакi ад яго. Разгарнула кнiгу. Вецер шамацеў старонкамi. Пiркс пазiраў проста перад сабой. Вельмi выразна быў бачны Паўднёвы Крыж. Абрэзаны рамай акна свяцiўся кавалачак Малога Магеланава Воблака, светлая плямка на чорным фоне. Ён падумаў, што палёт будзе доўжыцца сем дзён. За гэты час шмат што можа здарыцца. Ён знарок зашавялiўся. Тоўстая, складзеная ў чатыры столкi папера зашамацела ў нагруднай кiшэнi. Яму добра жылося на свеце - месца другога навiгатара ўжо чакала яго, ён ведаў дакладны маршрут: з Паўночнай Зямлi самалётам да Еўразii i далей, у Iндыю.
