Бiлетаў заставалася яшчэ цэлая кнiжачка - яе можна было чытаць, кожны бланк iншага колеру, падвойны, з адрыўнымi талонамi, залатымi беражкамi - усё, што "Трансгалактык" выдаваў пасажырам, проста ззяла серабром альбо золатам. Пасажырка на трэцiм лежаку была надта пекная. Бадай, усё-ткi тая самая. Сказаць ёй што-небудзь - альбо лепей не варта? Бо ён ужо нiбыта назваўся ёй. Гэта сапраўднае няшчасце мець гэткае кароткае прозвiшча - не паспееш пачаць, а яно ўжо скончылася. "Пiркс" гучыць зусiм як "iкс". Горш за ўсё бывае падчас тэлефонных размоў. Сказаць што-кольвечы? Што?

Ён зноў пачаў пакутаваць. На Марсе ён уяўляў сабе гэтае падарожжа зусiм iначай. Арматоры з Зямлi заплацiлi яму за пералёт - у iх, здаецца, былi нейкiя справы з "Трансгалактыкам", i з iх боку гэта не было прыгожым жэстам. А ён, хоць i налётаў ужо амаль тры мiльярды, нiколi яшчэ не быў на чымсьцi такiм, што нагадвала "Тытан". Грузавыя караблi маюць зусiм iншы выгляд! Сто восемдзесят тысяч тон масы спакою, чатыры рэактары галоўнага ходу, хуткасць руху 65 кiламетраў у секунду, тысяча дзвесцi пасажыраў толькi ў аднамесных i двухмесных каютах з ваннымi, нумары люкс, гарантаваная пастаянная гравiтацыя, за выключэннем старту i пасадкi, найвышэйшы камфорт, найвышэйшая безаварыйнасць, сорак два чалавекi экiпажу i дзвесцi шэсцьдзесят абслугi. Керамiка, сталь, золата, паладый, хром, нiкель, iрыдый, пластык, карарскi мармур, дуб, чырвонае дрэва, серабро, крышталь. Два басейны. Чатыры кiназалы. Васемнаццаць станцый прамой сувязi з Зямлёй - толькi для пасажыраў. Канцэртная зала. Шэсць галоўных палуб, чатыры аглядныя, аўтаматычныя лiфты, заказ бiлетаў на ўсе ракеты ў межах Сонечнай сiстэмы на год наперад. Бары. Залы для забаў. Унiверсальная крама. Вулiчка рамеснiкаў - дакладная копiя нейкага зямнога завулка ў старым квартале горада: з вiнным склепам, газавымi лiхтарамi, месяцам, глухой сцяной i кошкамi, якiя шпацыруюць па ёй. Аранжарэя. I д'ябал ведае што яшчэ. Трэба ляцець цэлы месяц, каб паспець абысцi ўсё гэта хоць бы раз.



3 из 15