Ён зразумеў, што трэба спяшацца. Ды ўсё-такi ён прымусiў сябе прысесцi, каб трохi адпачыць i падумаць.

Што рабiць? Нiчога. I тым не менш спраў шмат. Вось, напрыклад, розныя вiды кустоў. Яны выглядаюць не вельмi шматабяцальна, але трэба ўважлiва iх вывучыць. Потым нага: з ёю нешта трэба зрабiць, хоць i без вады. Падрыхтаваць боепрыпасы ў выглядзе камянёў. Знайсцi камень, з якога можна было б зрабiць добры нож.

Нага да таго часу моцна разбалелася, i ён вырашыў пачаць з яе. На адным з кустоў расло лiсце або нешта накшталт лiсця. Ён сарваў жменю лiсця i вырашыў рызыкнуць. Лiстамi ён сцёр пясок, гразь i запечаную кроў, потым зрабiў кампрэс з свежага лiсця i прывязаў яго да нагi вусiкамi з таго самага куста.

Гэтыя вусiкi аказалiся нечакана моцнымi. Яны былi тонкiя, але затое гнуткiя i пругкiя, i ён не мог iх пераламаць, як нi стараўся. Давялося адпiлоўваць iх вострым краем блакiтнага каменя. Тыя вусiкi, што былi таўсцейшыя, у даўжыню дасягалi цэлага фута, i ён на ўсякi выпадак запомнiў, што, калi iх звязаць па некалькi штук, атрымаецца даволi добрая вяроўка. Можа, вяроўка яму спатрэбiцца.

Ён працягваў даследаваць кусты. Заставалася яшчэ тры разнавiднасцi. Адны кусты былi без лiсця, сухiя, крохкiя, падобныя да сухiх перакацi-поле. Другiя былi мяккiя i крышылiся, амаль як гнiляк. Падобна было, што з iх выйдзе цудоўны трут для агню. Трэцiя былi больш чым астатнiя падобныя да дрэў. У iх было далiкатнае лiсце, якое згортвалася пры дотыку, а сцяблы былi хоць i кароткiя, але трывалыя i моцныя.

Было горача. Невыносна горача.

Моцна кульгаючы, Карсан падышоў да бар'ера i памацаў, цi тут ён яшчэ. Бар'ер усё яшчэ быў тут.

Нейкi час ён стаяў i глядзеў на Прышэльца. Той трымаўся на бяспечнай адлегласцi ад бар'ера i там нешта рабiў, рухаючыся ўзад i ўперад. Што ён рабiў, Карсан разгледзець не мог.

Адзiн раз ён спынiўся, крыху наблiзiўся i як быццам утаропiўся на Карсана. I зноў Карсану прыйшлося змагацца з прыступам млосцi. Ён шпурнуў у Прышэльца каменем, той адступiў i працягваў займацца сваёй незразумелай справай.



15 из 28