
Карсан на ўсякi выпадак кiнуў у яе жменю пяску, - пясок прайшоў наскрозь i знiк з вачэй. Значыць, паўкруглая сцяна - гэта таксама сiлавое поле. Але суцэльнае, а не празрыстае, як бар'ер.
Ён пайшоў уздоўж сцяны, пакуль не вярнуўся да бар'ера, а потым уздоўж бар'ера да таго месца, з якога пачаў. Вады не было i следу.
Занепакоены, ён пачаў хадзiць улукаткi памiж бар'ерам i сцяной, уважлiва разглядаючы прастору памiж iмi.
Вады не было. Блакiтны пясок, блакiтныя кусты, невыносная гарачыня. I болей - нiчога.
"Напэўна, мне толькi здаецца, што я так ужо пакутую ад смагi", - сказаў ён сабе. Колькi прайшло часу? Вядома, на меркi яго прасторы-часу - нiколькi. Яму ж было сказана, што пакуль ён тут, там час стаiць на месцы. Але жыццёвыя працэсы ў яго арганiзме iдуць i тут. Колькi ж прайшло часу, калi вымяраць яго гэтымi працэсамi? Верагодна, тры-чатыры гадзiны. Ва ўсякiм разе, не так доўга, каб пачаць сур'ёзна пакутаваць ад смагi.
I ўсё-такi ён моцна ўсмяг. У горле ў яго перасохла. Можа, ад гарачынi. А было сапраўды горача! Напэўна, градусаў 55. Сухая гарачыня без руху паветра.
Ён моцна кульгаў i быў знясiлены да таго часу, як скончыў безвынiковы абход сваiх уладанняў.
Ён паглядзеў на нерухомага Прышэльца i падумаў: спадзяюся, што i яму гэтаксама пагана. Вельмi можа быць, што так i ёсць. Нам жа сказалi, што абставiны тут аднолькава незнаёмыя i аднолькава непрыемныя нам абодвум. Можа, на планеце Прышэльцаў нармальная тэмпература - градусаў 90. Можа, тут, дзе Карсан марудна падсмажваецца, Прышэлец замярзае.
А можа, паветра тут занадта шчыльнае для Прышэльца, як яно занадта разрэджанае для Карсана. Пасля прагулянкi ён проста задыхаўся. Цяпер ён сцямiў, што паветра тут не шчыльнейшае, чым на Марсе.
I нiякай вады.
Гэта азначала, што для барацьбы пастаўлена мяжа - ва ўсякiм разе, для яго. Калi ён не знойдзе спосабу пранiкнуць праз бар'ер або забiць ворага, застаючыся з гэтага боку, - рана цi позна яго заб'е смага.
