
Першыя разрозненыя налёты на далёкiя калонii i апорныя пункты Зямлi. Асобныя сутычкi памiж зямнымi патрулямi i невялiкiмi групамi касмiчных караблёў Прышэльцаў: сутычкi, у якiх зямляне часам перамагалi, часам цярпелi паразу, але дагэтуль нi разу не змаглi захапiць касмалёта працiўнiка. Не засталося жывога i нiводнага жыхара калонiй, на якiя рабiлiся налёты, расказаць хоць што-небудзь пра Прышэльцаў не было каму.
Спачатку пагроза здавалася не вельмi сур'ёзнай - налёты былi нячастыя i прычынялi не так многа шкоды. Iх касмалёты як быццам злёгку ўступалi зямным ва ўзбраеннi, хоць крышачку пераўзыходзiлi iх у хуткасцi i манеўранасцi. Якраз настолькi, што Прышэльцы, калi толькi яны не былi акружаныя, маглi выбiраць уступiць iм у бой цi ўцячы.
I ўсё-такi Зямля рыхтавалася да рашучай бiтвы. Быў пабудаваны небывала магутны касмiчны флот. Чакаць давялося доўга. Але цяпер генеральная бiтва наблiжалася.
Разведчыкi выявiлi вялiзны флот Прышэльцаў за дваццаць мiльярдаў мiль ад Зямлi. Гэтыя разведчыкi так i не вярнулiся, але iх паведамленнi былi атрыманы. I вось зямная армада, усе дзесяць тысяч касмалётаў i паўмiльёна касманаўтаў размясцiлiся ў чаканнi за арбiтай Плутона, гатовая змагацца насмерць.
Бiтва мелася быць роўная для абодвух бакоў - аб гэтым можна было меркаваць па рапартах перадавых патрулёў, якiя ахвяравалi жыццём, але перад тым, як загiнуць, перадалi звесткi пра колькасць i сiлу флоту працiўнiка.
Пры роўнасцi сiл лёс Сонечнай сiстэмы магла вырашыць сама нязначная выпадковасць. I рашэнне было б канчатковым - у выпадку паражэння Зямля i ўсе яе калонii апынулiся б у поўнай уладзе Прышэльцаў...
О так, цяпер Боб Карсан усё ўспомнiў.
Праўда, гэта не мела дачынення да блакiтнага пяску i мiгатлiвага блакiту над галавой. Ды ён памятаў, як прагучаў гэты рэзкi званок трывогi, як ён кiнуўся да панелi кiравання, як у лiхаманкавай спешцы прышпiлiўся да крэсла, як перад iм на экране расла светлая кропка.
