
Як у яго перасохла ў горле. Як ён з жахам зразумеў - пачалося! Для яго, прынамсi: асноўныя сiлы ўдзельнiкаў бiтвы былi яшчэ за межамi дасягальнасцi адзiн для аднаго.
Менш як праз тры секунды ён або застанецца пераможцам, або ператворыцца ў жменьку попелу. Тры секунды - столькi доўжыцца бой у космасе. За гэты час можна не спяшаючыся злiчыць да трох, а пасля гэтага ты або пераможаш, або будзеш мёртвы. Аднаго пападання зусiм дастаткова для маленькага, аднамеснага, лёгка ўзброенага i слаба бранiраванага патрульнага касмалёта.
Машынальна шэпчучы перасохлымi вуснамi "Раз!", ён лiхаманкава круцiў ручкi на пульце, каб кропка, што ўсё большала, заставалася ў перакрыжаваннi лiнiй на экране. Правая нага яго замерла над педаллю спуска. Адзiны смяротны залп - цi ён пацэлiць, цi не. На другi стрэл часу ўжо не застанецца.
"Два!" Ён зноў не чуў, як у яго гэта вырвалася. Кропка на экране перастала быць кропкай. Размешчаны за некалькi тысяч мiль варожы касмалёт быў вiдаць так, нiбыта да яго некалькi соцень метраў. Гэта быў лёгкi, хуткi патрульны касмалёт амаль такога самага памеру, як i ў Боба.
Варожы патрульны касмалёт.
"Тр..." Яго нага дакранулася да педалi...
I раптам Прышэлец слiзгануў па экране ўбок i выйшаў з перакрыжавання. Карсан ухапiўся за ручкi, каб пусцiцца ў пагоню. Нейкую долю секунды працiўнiка не было вiдаць, потым карабель Карсана павярнуўся, i той зноў з'явiўся на экране - Карсан убачыў, як ён крута знiжаецца да зямлi.
Да зямлi?
Нейкая аптычная iлюзiя, не iначай. Гэтай планеты, што цяпер займала ўвесь экран, не магло быць тут. Проста не магло. Навокал не было нi адной планеты блiжэй, чым Нептун, а ён быў за тры мiльярды мiль. Плутон знаходзiўся па другi бок Сонца, якое вiднелася адсюль малюсенькай кропкай.
А як жа сiстэмы сачэння? Яны не выяўлялi нiякага прадмета памерам хоць бы з астэроiд. Сiгналы маўчалi i цяпер.
