
Сон? Не можа быць: у час касмiчнага бою не засынаюць.
Смерць? Немагчыма: калi бяссмерце i iснуе, то ў iм не можа быць гэтага недарэчнага блакiтнага пяску, блакiтнай гарачынi i барвовага жаху.
I тады ён пачуў голас.
Ён пачуў яго не вушамi - голас загучаў усярэдзiне яго галавы. Ён iшоў нiадкуль i адусюль.
"Падарожнiчаючы ў прасторы i часе, - звiнела ў яго ў мозгу; - я выявiў дзве цывiлiзацыi, гатовыя пачаць вайну, якая б знiшчыла адну з iх i настолькi аслабiла б другую, што яна непазбежна рэгрэсавала б i ўжо нiколi не выканала б свайго прызначэння, а распалася б i вярнулася ў пыл, з якога яна ўзнялася. Ды гэтага не павiнна здарыцца".
"Хто... ты?" - Карсан не сказаў гэтага ўголас, але пытанне ўзнiкла ў яго ў мозгу.
"Ты не зможаш гэтага правiльна зразумець. Я... - голас замоўк, як быццам шукаў у мозгу Карсана слова, якога там не было, якога ён не ведаў. - Я - вынiк эвалюцыi цывiлiзацыi такой старажытнай, што яе ўзрост нельга выказаць зразумелымi табе словамi. Цывiлiзацыi, што злiлася ў адзiнае цэлае, якiм можа стаць i твая прымiтыўная цывiлiзацыя... - зноў паўза, падшукванне слова, праз доўгi час. Такiм могуць стаць i тыя, каго ты называеш Прышэльцамi. Таму я i ўмяшаўся перад пачаткам бiтвы, гэткай роўнай, што вынiкам яе будзе знiшчэнне абедзвюх цывiлiзацый. Адна з iх павiнна выжыць. Выжыць, каб развiвацца далей". "Адна, - падумаў Карсан. - Мая цi..." "У маiх сiлах спынiць вайну, паслаць Прышэльцаў назад, у сваю галактыку. Але яны ўсё роўна вернуцца або вы рана цi позна iх знойдзеце. Толькi пастаянным умяшаннем мог бы я прадухiлiць узаемнае знiшчэнне, але я не магу застацца. Таму я вырашыў умяшацца цяпер. Я цалкам знiшчу адзiн флот без нiякiх страт для другога. Так адна з цывiлiзацый зможа выжыць".
"Кашмар. Вядома, гэта кашмар", - падумаў Карсан. Але ён ведаў, што гэта не кашмар.
Усё гэта было занадта бязглузда, занадта неверагодна, каб не адбывацца на самай справе.
