
Ён не адважыўся задаць пытанне - якi? Але яго думкi задалi гэтае пытанне самi.
"Выжыве мацнейшы, - сказаў голас. - Гэтага я не магу - i не стаў бы мяняць. Я проста ўмешваюся, каб гэта была сапраўдная, а не... - зноў паўза, а не Пiрава перамога, каб цывiлiзацыя, што пераможа, не была ёю зламана.
Я выбраў двух iндывiдуумаў - цябе i Прышэльца. Я бачу, што ў вашай старажытнай гiсторыi, гiсторыi мiжнацыянальных войнаў, вядомыя паядынкi памiж прадстаўнiкамi плямёнаў, якiя вырашалi зыход барацьбы.
Табе i твайму працiўнiку трэба будзе вытрымаць паядынак. Абодва вы голыя i бяззбройныя, абставiны аднолькава незнаёмыя абодвум, аднолькава непрыемныя абодвум. Час не абмежаваны - тут няма часу. Адзiн з вас пераможа. Яго цывiлiзацыя выжыве".
- Але... - Карсан сам не ведаў, што ён хацеў сказаць, але голас адказаў:
"Гэта справядлiва. Умовы такiя, што вырашыць не выпадковая фiзiчная перавага. Памiж вамi бар'ер. Ты зразумееш. Розум i мужнасць будуць важнейшыя за сiлу. Асаблiва мужнасць - воля да жыцця".
- Але пакуль гэта будзе адбывацца тут, нашы касмалёты...
"Не, вы ў iншым часе, iншай прасторы. Пакуль вы тут, у вядомым вам свеце час стаiць на месцы. Я бачу, ты думаеш, цi на самай справе ўсё гэта iснуе. I так i не. Але для цябе цяпер гэта iснуе сапраўды. I калi ты памрэш, ты памрэш сапраўды. А твая смерць будзе канцом усёй вашай цывiлiзацыi. Цяпер ты ведаеш дастаткова".
I голас змоўк.
Карсан зноў застаўся адзiн. Не, не адзiн - ён узняў вочы i ўбачыў, што той барвовы прадмет, той страшны шар, якi, як ён цяпер ведаў, i ёсць Прышэлец, коцiцца да яго.
Коцiцца.
У яго як быццам не было нi рук, нi ног, нiякiх вонкавых прыдаткаў. Ён кацiўся па блакiтным пяску, як кропля ртуцi. А перад iм нейкiм чынам шырылася, паралiзуючы, хваля галавакружнай, дурманлiвай, страшнай нянавiсцi.
Карсан азiрнуўся. За некалькi футаў ад яго ў пяску ляжаў камень - адзiнае, што магло сысцi за зброю. Камень быў невялiкi, але з вострымi краямi, як у асколка крэменю. Ён i падобны быў на блакiтны крэмень.
