У адзiн жнiвеньскi вечар Дэнi, як i штодня, прагульваўся па лесасецы дзеля лепшага стрававання. Ён наблiжаўся ўжо да дуба, пасля якога звычайна паварочваў назад, як раптам па волi лёсу спаткаў на сваiм шляху Эцьена Пампля, вядомага больш па мянушцы Сiямскi Маг, i зацягнутую iм у гушчар малышку Лiзэт Кашу, чарнявую афiцыянтачку з рэстарана "Гранэй". На Лiзэт быў новы файны гарсэт маркi "Насланнё", знiшчэнне якога каштавала Магу шасцi гадзiн амаль няспыннае барацьбы, - менавiта таму i адбылася ў Дэнi гэтая позняя сустрэча.

На няшчасце Дэнi, абставiны былi выключна неспрыяльныя. Стаяла поўнач, i Сiямскi Маг заходзiўся ад злосцi ў прыпадку антрапалiцыi*. З'яўленне Дэнi, якi, зрэшты, папрасiўшы цiха прабачэння, далiкатна адышоў убок, неверагодна раз'юшыла Мага. Дужа расчараваны ў Лiзэт i перапоўнены энергiяй, якой трэба было неадкладна даць выйсце, ён кiнуўся на бязвiннага ваўка i з усяе сiлы ўкусiў яго за лапатку. Дэнi пабег з трывожным вiскам. Ледзь дацягнуўшыся да пячоры, ён звалiўся на зямлю i заснуў цяжкiм сном, якi ўвесь час працiналi жахлiвыя трызненнi.

* Вар'яцтва, пры якiм хвораму здаецца, што ён воўк цi iншая жывёлiна.

Але патроху ён забыўся пра сваю лiхую прыгоду, i днi пацяклi, як i раней, розныя i аднолькавыя. Наблiжаўся верасень, Дэнi аб'ядаўся груздамi i баравiкамi, хапаў часам колькi апенек i, як чумы, баяўся цяжкiх для стрававання свiнушак. Цяпер увечары людзi гулялi ў лесе нядоўга, i ён клаўся спаць раней. I ўсё ж здавалася, што адпачываў ён ад гэтага не лепш. Разбiты i змораны, нашпiгаваны кашмарамi, Дэнi прачынаўся ўжо на золку. Яго перастала цiкавiць нават механiка, i часам ён да самага паўдня задуменна праседжваў з анучаю ў лянiвай лапе над пазелянелай латуннай трубкай, якую зранку збiраўся нацерцi да бляску. Сон яго рабiўся ўсё больш неспакойны, i Дэнi дзiвiўся з таго, што не знаходзiў гэтаму тлумачэння.



2 из 11