У ноч поўнi ён раптам прачнуўся, трасучыся ад лiхаманкi i холаду. Быў ён сам не свой i таму, падняўшыся, запалiў, каб паглядзець, у чым жа справа, файную фару, што засталася яму колькi месяцаў назад ад разбiтага "мерседэса". Святло залiло ўсе закуткi пячоры. Дэнi ледзь дайшоў да аўтамабiльнага люстэрка, што вiсела над яго туалетным столiкам. Спачатку, адчуўшы, што ён стаiць на заднiх лапах, Дэнi здзiвiўся, i толькi, але калi ўбачыў у люстэрку свой твар, проста збянтэжыўся: на яго глядзела штосьцi незвычайнае, белаватае, голае - хiба што прыгожыя рубiнавыя вочы нагадвалi яшчэ былы яго выгляд. Ён застагнаў, агледзеў сябе з усiх бакоў i зразумеў нарэшце, чаму так працiнаў яго ледзяны холад. Яго багатая чорная шэрсць знiкла, i быў ён такi ж нязграбны i даўжэзны, як усе тыя iстоты, неспрактыкаванасць якiх у любоўных справах адно выклiкала ў яго смех.

Трэба было ўцякаць адсюль як мага хутчэй. Дэнi кiнуўся да чамадана з розным старым хламам, таксама патроху падабраным на дарозе. Iнстынкт падказаў яму выбраць элегантны шэры ў белую палоску касцюм, аднатонную ружовую кашулю i бардовы гальштук. Як толькi Дэнi адзеўся, усё яшчэ не разумеючы, як гэта ён стаiць на заднiх лапах, яму стала крыху лягчэй - ён нават перастаў ляскаць зубамi. Пасля ён разгублена, са слязьмi на вачах паглядзеў на маленькую кучку чорнае шэрсцi каля свайго ложка i адразу ж неверагодным намаганнем волi саўладаў з сабой.

Трэба было, не марудзячы, абдумць, што рабiць далей. Ён шмат чаго ведаў са старажытных кнiг, i карцiна здавалася яснай: Сiямскi Маг быў ваўкалак, а ён, Дэнi, перакiнуўся пасля яго ўкусу ў чалавека.

Зразумеўшы, што жыць яму цяпер у невядомым свеце, Дэнi адчуў спачатку неверагодны жах. Чалавек сярод людзей - якiя ж толькi небяспекi не чакаюць яго цяпер! Ужо адзiн успамiн пра тую марную барацьбу, якую днём i ноччу вялi мiж сабою шафёры на Пiкардзiйскiм узгорку i якая здавалася яму вельмi сiмвалiчнай для жыцця людзей, дазваляў Дэнi адчуць жудасны смак таго iснавання, законам якога прыйдзецца яму цяпер падпарадкоўвацца.



3 из 11