
Андерсен Ганс Христиан
Казкi (на белорусском языке)
Ханс Крысьцiян Андэрсэн
КАЗКI
КРЭСIВА
Iшоў салдат па дарозе: раз-два! раз-два! Ранец за спiной, шабля пры боку. Ён iшоў дадому з вайны. I нечакана сустрэлася з iм ведзьма. Ведзьма была старая i брыдкая. Нiжняя губа яе адвiсла да самых грудзей.
- Прывiтанне, службака! - сказала ведзьма. - У цябе такая славутая шабля i вялiкi ранец! Ты - бравы салдат! Толькi як нi круцi, а кiшэнi твае пустыя. Калi хочаш, дык грошай у цябе будзе навалам.
- Дзякуй табе, старэча. Грошы толькi дурням не трэба, - сказаў салдат i адтапырыў свае кiшэнi.
- Гэ, не, - сказала ведзьма, - пачакай крыху! Ты бачыш вунь тое вялiкае дрэва - яно ўнутры пустое. Ты ўзлезь на яго, там убачыш дупло. Залезь у яго i апускайся ў самы нiз. А я абкручу цябе вяроўкай вакол пояса i выцягну назад, як толькi ты ўсклiкнеш.
- А навошта мне лезцi ў тое дупло? - спытаў салдат.
- Грошы там, - сказала ведзьма. - Дрэва гэта незвычайнае. Калi апусцiшся на самы нiз, дык убачыш вялiзны падземны ход. Там зусiм светла - i ўдзень i ўночы зiхацяць сотнi лямпачак. Пойдзеш па тым падзямеллi напрасткi. А дойдзеш да канца, там адразу ўбачыш перад сабою трое дзвярэй. У кожных дзвярах ключ тырчыць. Крутнi яго, i дзверы адчыняцца. У першым пакоi стаiць вялiкi куфар. На куфры сядзiць сабака. Вочы ў гэтага сабакi, нiбы два сподачкi. Толькi ты не палохайся. Я дам табе свой блакiтны фартух у клетачку. Ты рассцялi яго на падлозе i смела хапай сабаку. Як толькi схопiш - адразу садзi на мой фартух, а потым адчыняй куфар i бяры сабе грошай колькi захочаш. Але ў гэтым куфры толькi медныя грошы. А калi ты срэбра захочаш - заходзь у суседнi пакой. I там стаiць куфар. I на тым куфры сядзiць сабака. Вочы ў яго, нiбы колы ў вадзянога млына. Толькi ты не губляйся - хапай яго i садзi на фартух, а потым набiрай сабе срэбра. Ну, а калi табе там золата захочацца, то заходзь у трэцi пакой. Пасярод трэцяга пакоя стаiць куфар, якi з коптурам напоўнены золатам. Куфар гэты вартуе самы вялiкi сабака. Зможаш ты пасадзiць яго на мой фартух - тваё шчасце, не закране цябе сабака. Бяры тады золата, колькi твая душа захоча!
