
"Пасватацца хiба толькi да расчоскi?" - падумаў каўнерык i звярнуўся да яе:
- Проста дзiва, як захавалiся вашыя зубкi, фрэкен!.. Скажыце, вы калi-небудзь думалi пра замужжа?
- Чаму не думала! - адказала расчоска. - Я паненка зэдлiчка, на якiм твой гаспадар абувае боты.
- Паненка?! - усклiкнуў каўнерык.
Цяпер яму не было да каго сватацца, i ён пачаў з пагардай думаць пра жанiцьбу.
Час iшоў, i каўнерык разам з iншым рыззём трапiў на папяровую фабрыку.
Там сабраўся вялiкi рыззёвы гурт.
Тоненькiя анучкi, як i трэба, трымалiся далей ад тоўстых. Тут у кожнай знайшлося пра тое-сёе расказаць, а ў каўнерыка, канечне, больш, чым ва ўсiх, ён быў хвалько з хвалькоў.
- У мяне была процьма нарачоных! - лапатаў ён. - Проста бегалi за мной! Ды i як не бегаць: накрухмалены, я выглядаў сапраўдным франтам! У мяне нават былi ўласная падстаўка для ботаў i грабянец, хоць я iмi нiколi не карыстаўся... Паглядзелi б вы на мяне, калi я, бывала, ляжаў на баку!.. Нiколi не змагу забыць першую нарачоную - завязку! Яна была такая тонкая, пяшчотная, мяккая! З-за мяне ў балею з вадой кiнулася! Была яшчэ адна, удоўка, - загарэлася да мяне такiм каханнем, што аж пабялела!.. Але я яе пакiнуў, i яна пачарнела з гора. Яшчэ была прыма-балерына, - гэта яна ранiла мяне, бачыце? Свавольная, гарэзная была! Мая ўласная расчоска таксама кахала мяне да таго, што ажно змарнавала свае зубы. Адным словам, нямала было ў мяне розных прыгод... Але болей за ўсё мне шкада падвязку цi, лепш сказаць - завязку, бо яна з-за мяне кiнулася ў балею. На жаль, нямала награшыў я... Час, час мне пераўтварыцца ў белую паперу!
Жаданне яго збылося: усё рыззё пераўтварылася ў белую паперу, а каўнерык вось у гэты самы аркушык, на якiм надрукавана яго гiсторыя. Так ён быў пакараны за сваю лiшнюю ману.
I нам варта паводзiцца асцярожней: хто ведае, можа, i таму-сяму з нас прыйдзецца некалi трапiць у ахапак лахманоў i пераўтварыцца ў белую паперу, на якой надрукуюць нашу ўласную гiсторыю, i тады пойдзеш разносiць па белым свеце ўсё патаемнае пра самога сябе!
САЛАВЕЙ
Ты, напэўна, ведаеш, што ў Кiтаi ўсе жыхары кiтайцы i сам iмператар кiтаец.
