
- Вы, мабыць, завязка? - не адступаўся каўнерык. - Штосьцi падобнае да тасьмы, што звужае сукенку на стане. Вось, вось, бачу: вы ўпрыгожанне i ў той жа час прыносiце карысць, понадзь мая!
- Будзьце ласкавыя, не заводзьце са мной гутаркi! - загневалася падвязка. - Я, здаецца, не давала для гэтага падставы!
- Ваша краса - самая лепшая падстава! - сказаў каўнерык.
- Ах, прашу, не чапляйцеся! - павысiла голас падвязка. - Вы падобныя на мужчыну!
- Канечне, я ж элегантны кавалер! - з гонарам прамовiў каўнерык. - У мяне ёсць падстаўка для ботаў i грабянец!
Вось i зманiў! Каўнерык проста хвалiўся: тыя рэчы былi не ягоныя, а яго гаспадара.
- Адчапiцеся, калi ласка, - не падпускала яго блiзка да сябе падвязка. - Я не прывыкла, каб так са мной паводзiлiся.
- Незачэпа! - буркнуў каўнерык.
Тут яго ўзялi, памылi, накрухмалiлi, павесiлi на спiнку крэсла, высушылi на сонцы, затым паклалi на прасавальную дошку.
Заявiлася гарачая прасавальная плiтка.
- Панi! - прамовiў каўнерык ёй. - Панадная ўдовачка! Як горача! Я ўвесь палымнею! Са мной штосьцi робiцца! Я сам не свой! Вы апякаеце мяне наскрозь! Ух!.. Прашу: вашу руку i сэрца!
- Ах ты рызман! - ганарыста сказала прасавальная плiтка i цяжка праехалася па каўнерыку. Яна ўяўляла сябе паравозам, што цягне за сабою па рэйках вагоны.
Каўнерык крыху абшморгнуўся; i з'явiлiся нажнiцы, каб падраўняць яму краi.
- О! - усклiкнуў каўнерык. - Вы, мусiць, знакамiтая танцоўшчыца, прыма-балерына! Вы гэтак хораша рухаецеся ножкамi! Нiколi не бачыў нiчога такога! Нiхто з жанчын не можа параўнацца з вамi!
- Ведаем! - сказалi нажнiцы.
- Вы вартыя быць графiняй, - прадаўжаў каўнерык. - Але, на жаль, я маю толькi гаспадара-франта, падстаўку для ботаў i грабянец... Ах, каб было ў мяне графства...
- Ды ён, здаецца, сватаецца?! - ускрыкнулi нажнiцы i ў злосцi гэтак спаласавалi каўнерык, што прыйшлося яго выкiнуць.
