Ён сядзеў на сваiм залатым троне, чытаў i кiваў галавой. Яму вельмi падабалася чытаць пра тое, якая прыгожая яго сталiца, якiя цудоўныя яго палац i сад. Але на апошняй старонцы кнiгi iмператар прачытаў: "У Кiтаi многа ўсяго цудоўнага, але лепш за ўсё маленькая птушачка, што завецца салаўём, якая жыве ў лесе паблiзу iмператарскага саду. Дзеля таго, каб паслухаць яе спеў, раiм кожнаму з'ездзiць у Кiтай".

- Што такое? - здзiвiўся iмператар. - Як?! У маёй дзяржаве i нават поруч з маiм асабiстым палацам жыве такая цудоўнейшая птушка, а я нi разу не чуў, як яна спявае! I я даведваюся пра яе з iншаземных кнiг!

Ён рэзка закрыў кнiгу i загадаў пазваць свайго першага мiнiстра. Гэты мiнiстр быў настолькi фанабэрысты, што, калi хто-небудзь з людзей нiжэй яго чынам асмельваўся загаварыць з iм цi спытаць у яго пра што-небудзь, ён адказваў толькi: "Пф", а гэта, зразумела, зусiм нiчога не азначала.

- Я прачытаў у адной вучонай кнiзе, што ў нас ёсць цудоўнейшая птушка, якую завуць салавей, - сказаў iмператар мiнiстру. - Яе лiчаць першай славутасцю маёй дзяржавы. Чаму ж мне нi разу не дакладвалi пра гэту птушку?

- Ваша вялiкасць! - адказваў з паклонам iмператару першы мiнiстр. - Я нават i не чуў пра яе. Яна нiколi не была прадстаўлена нашаму двару.

- Увесь свет ведае, што ў мяне ёсць такая рэдкая птушка, i толькi я адзiн не ведаю пра гэта, - сказаў iмператар. - Я хачу, каб сёння ж вечарам яна была тут i спявала мне!

- Я адшукаю яе, ваша вялiкасць, - адказаў першы мiнiстр.

Адказаць-то было няцяжка. Але дзе яе знойдзеш?

I вось першы мiнiстр забегаў уверх i ўнiз па лесвiцах, па залах i калiдорах, але нiхто з прыдворных не мог яму сказаць, што за птушка салавей i дзе гэты самы салавей жыве.

Першы мiнiстр вярнуўся да iмператара i далажыў, што салаўя ў Кiтаi няма i нiколi не было.

- Ваша вялiкасць дарма дазваляе верыць усяму, што напiсана ў кнiгах, прамовiў ён. - Усё гэта адны пустыя выдумкi.



12 из 294