
- Не гавары лухты! - абурыўся iмператар. - Я хачу чуць салаўя. Ён павiнен быць у палацы сёння ж вечарам! А калi яго не будзе тут у вызначаны час, я загадаю пасля вячэры адлупiць цябе i ўсiх мiнiстраў палкамi па пятках.
- Тзiнг-пе! - прагугнеў першы мiнiстр i зноў пачаў бегаць уверх i ўнiз па лесвiцах, па калiдорах i залах.
З iм бегалi ўсе саноўнiкi i прыдворныя - нiкому не хацелася адведаць палак.
Раз-пораз яны сутыкалiся насамi i пыталiся адзiн у аднаго:
- Што такое са-ла-вей?
- Дзе знайсцi са-лаў-я?
Але нiхто ў iмператарскiм двары нават не чуў пра салаўя, пра якога ведаў ужо ўвесь свет.
Нарэшце прыдворныя прыбеглi на кухню. Там сядзела маленькая дзяўчынка i выцiрала талеркi.
Першы мiнiстр спытаў у дзяўчынкi, цi не ведае яна, дзе жыве салавей.
- Салавей? - здзiвiлася дзяўчынка. - Ды як жа мне не ведаць! Ён жыве ў нашым лесе. А ўжо як спявае! Я кожны дзень нашу маёй хворай маме рэшткi абеду з iмператарскай кухнi. Жывём мы ля самага мора. Поруч у лясной глухаманi ёсць старое дрэва з вялiкiм дуплом i густымi-густымi галiнамi. I кожны раз, калi я сядаю адпачыць пад гэтым дрэвам, я чую песню салаўя. Ён спявае так пяшчотна, што слёзы самi па сабе цякуць у мяне з вачэй, а на душы становiцца так радасна, нiбы мяне цалуе матуля.
- Дзяўчынка, - узмалiўся першы мiнiстр, - я назначу цябе першай пасудамыйкай i нават дазволю паглядзець, як абедае сам iмператар, калi ты пакажаш нам, дзе жыве салавей. Ён запрошаны сёння вечарам у iмператарскiя палаты.
I вось усе накiравалiся ў лес.
Паперад усiх iшла дзяўчынка, а за ёй мiнiстры i саноўнiкi.
Iшлi яны, iшлi, i раптам недзе непадалёк зарыкала карова.
- Во! - дружна выгукнулi прыдворныя. - Гэта, напэўна, i ёсць салавей. Якi, аднак, у яго моцны голас!
- Гэта карова рыкае, - растлумачыла дзяўчынка. - Яшчэ далёка да таго дрэва, на якiм жыве салавей.
