I вось наступiў вечар. Пасярод агромнiстай залы сядзеў iмператар. Насупраць iмператарскага трона паставiлi залаты шост, а на самым вяршку яго сядзеў салавей. Усе прыдворныя былi ў поўным зборы. Нават беднай дзяўчынцы з кухнi дазволiлi стаяць у парозе, - яна ж была цяпер не звычайная дзяўчынка, а прыдворная пасудамыйка. Усе былi па-святочнаму расфуфыраны i не адводзiлi вачэй ад маленькай шэранькай птушачкi.

Але вось iмператар запрашальна кiўнуў галавой. I салавей заспяваў. Ён спяваў так далiкатна, так цудоўна, што нават у самога iмператара выступiлi на вачах слёзы i пакацiлiся па шчоках.

Тады салавей залiўся яшчэ грамчэй, яшчэ больш пяшчотна. Спеў яго так i палонiў сэрца.

Калi ён скончыў, iмператар абвясцiў, што даруе яму сваю залатую пантофлю на шыю. Але салавей падзякаваў i адмовiўся.

- Я ўжо i так узнагароджаны, - сказаў ён. - Я бачыў слёзы ў вачах iмператара. Якой жа яшчэ жадаць мне ўзнагароды?

I зноўку загучаў яго крыштальны голас.

- Ах, як гэта чароўна! - усклiкнулi наперабой прыдворныя дамы.

I з той пары, калi яны размаўлялi з кiм-небудзь, хто iм падабаўся, яны набiралi ў рот вады, каб яна булькатала ў iх у горле. Прыдворныя дамы ўявiлi, што гэтае булькатанне падобна на салаўiны пошчак.

Салаўя пакiнулi пры двары i адвялi яму асобны пакой. Два разы днём i адзiн раз уначы яго выпускалi на волю.

Але да яго прыставiлi дванаццаць слуг, i кожны з iх трымаў у руках прывязаную да ножкi салаўя шаўковую стужачку.

Нiчога не скажаш, вялiкае задавальненне магла прынесцi такая прагулка!

Увесь горад пачаў гаварыць пра дзiвосную птушку, i калi на вулiцы сустракалiся трое знаёмых, адзiн з iх вымаўляў: "Са", другi падхоплiваў: "ла", а трэцi заканчваў: "вей", пасля чаго ўсе трое ўздыхалi i скiроўвалi позiрк у неба.



15 из 294