
Адзiнаццаць лавачнiкаў далi сваiм сынам новае iмя: "Салавей" - у гонар iмператарскага салаўя, хоць галасы ў гэтых дзiцянят нагадвалi скрып нязмазаных колаў.
Словам, маленькая лясная птушачка праславiлася на ўвесь Кiтай.
Але аднойчы iмператару прыслалi з Японii скрыначку, загорнутую ў шаўковую матэрыю. На скрыначцы было напiсана: "Салавей".
- Гэта, напэўна, новая кнiга пра нашу знакамiтую птушку, - сказаў iмператар.
Скрынку адчынiлi, але ў ёй была не кнiга, а размаляваны куфэрчык. А ў куфэрчыку ляжаў штучны салавей. Ён быў вельмi падобны на жывога, але ўвесь зiхацеў брыльянтамi, рубiнамi i сапфiрамi. Цацку заводзiлi - i яна пачынала спяваць адну з тых песняў, якую спяваў сапраўдны салавей, i варушыць пазалочаным хвосцiкам. На шыйцы ў птушкi была стужачка з надпiсам: "Салавей iмператара японскага нiшто ў параўнаннi з салаўём iмператара кiтайскага".
- Якая прыгажосць! - прамовiлi ўсе.
А тога, хто прывёз каштоўную птушку, тут жа прызначылi пры двары пастаўшчыком салаўёў.
- Цяпер няхай гэты новы салавей i наш стары спявак зацягнуць разам, вырашыў iмператар.
Ды справа на лад не пайшла: сапраўдны салавей кожны раз спяваў сваю песню па-новаму, а штучны паўтараў адну i тую ж песеньку, як заведзеная шарманка.
Тады штучнага салаўя прымусiлi спяваць аднаго. Ён меў такi ж поспех, як i сапраўдны салавей, але знешне пры гэтым быў куды прыгажэйшы - увесь так i пералiваўся, так i зiхацеў каштоўнымi каменнямi. Трыццаць тры разы праспяваў ён адно i тое ж i нiколькi не стамiўся.
Прыдворныя ахвотна паслухалi б яго песеньку яшчэ трыццаць тры разы, але iмператар сказаў, што цяпер трэба выслухаць для параўнання i сапраўднага салаўя. Тут усе азiрнулiся i паглядзелi на залаты шост. Але салаўя там не было. Куды ж ён падзеўся? Нiхто i не заўважыў, як салавей выпырхнуў у адчыненае акно i паляцеў дадому, у свой зялёны лес.
- Як гэта, аднак, разумець? - раззлаваўся iмператар.
I ўсе прыдворныя сталi бэсцiць салаўя i абзываць яго няўдзячнай жывёлiнай.
