
- Музыку сюды! Музыку! - яшчэ мацней ускрыкнуў iмператар. - Спявай хоць ты, мая слаўная залатая птушачка! Я надзялiў цябе каштоўнасцямi, я павесiў табе на шыю залатую пантофлю!.. Спявай жа, спявай!
Але птушка маўчала: няма было каму яе завесцi, а без гэтага яна спяваць не магла.
Смерць, усмiхаючыся, глядзела на яго сваiмi пустымi вачнiцамi. Мёртвая цiшыня стаяла ў пакоях iмператара.
I раптам за акном пачулiся прыгожыя спевы. Гэта быў маленькi жывы салавей. Ён уведаў, што iмператар хворы, i прыляцеў, каб суцешыць i прыпадняць яго настрой. Ён сядзеў на галiнцы i спяваў, i страшныя зданi, што абступiлi iмператара, адчувалi сябе нядобра, а кроў усё хутчэй, усё магутней падступала да сэрца iмператара.
Сама смерць заслухалася салаўём i толькi прамiж сябе паўтарала:
- Спявай, салавейка! Спявай яшчэ!
- А ты аддасi мне за гэта каштоўную сваю шаблю? I сцяг? I карону? - спытаў салавей.
Смерць згодна хiтнула галавой i аддавала адзiн скарб за другiм. А салавей усё спяваў i спяваў. Вось ён заспяваў песню пра цiхiя могiлкi, дзе зацвiў бузiннiк, шыкуюць белыя ружы i ў свежай траве на магiлах блiшчаць слёзы жывых, дзе чутны лiтаннi па сваiх блiзкiх. Тут смерцi так захацелася дадому, на цiхiя могiлкi, што яна захуталася ў белы халодны туман i шуснула ў акно.
- Дзякуй табе, мiлая пташка! - прамовiў iмператар. - Я пазнаю цябе. Калiсьцi я прагнаў цябе з маёй дзяржавы, а цяпер ты сваёю песняй прагнала ад маёй пасцелi Смерць! Чым узнагародзiць цябе за гэта?
- Ты ўжо ўзнагародзiў мяне за гэта, - сказаў салавей. - Я бачыў слёзы на тваiх вачах, калi першы раз спяваў для цябе, - пра гэта мне не забыць нiколi. Шчырыя слёзы радасцi - самая шчырая ўзнагарода для спевака!
I ён заспяваў iзноў, а iмператар заснуў здаровым, моцным сном. А калi ён прачнуўся, у акно ўжо свяцiла сонца. Нiхто з прыдворных i слугаў нават не заглядваў да iмператара. Усе думалi, што ён памёр. Адзiн салавей не пакiдаў хворага. Ён сядзеў за акном i спяваў яшчэ лепш, чым заўсёды.
