- Застанься ў мяне! - папрасiў iмператар. - Ты будзеш спяваць толькi тады, калi сам захочаш. А штучную птушку я разаб'ю.

- Не трэба! - сказаў салавей. - Яна служыла табе, як магла. Пакiнь яе ў сябе. Я не магу жыць у палацы. Я буду прылятаць да цябе, калi сам захачу, i буду спяваць пра шчаслiвых i нешчаслiвых, пра дабро i зло, пра ўсё, што робiцца вакол цябе i чаго ты не ведаеш. Маленькая птушка-спявачка лётае паўсюль - залятае i пад дах беднай сялянскай хаткi, i ў домiк рыбака, якi стаiць так далёка ад твайго палаца. - Я буду прылятаць i спяваць для цябе! Але паабяцай...

- Усё, чаго захочаш! - усклiкнуў iмператар i прыўзняўся з пасцелi.

Ён паспеў надзець сваю iмператарскую амунiцыю i прыцiснуў да сэрца цяжкую залатую шаблю.

- Паабяцай мне нiкому не абмовiцца, што ў цябе ёсць маленькая птушачка, якая расказвае табе пра ўсё ў вялiкiм свеце. Так справы пойдуць лепш.

I салавей паляцеў.

Тут увайшлi прыдворныя, якiя спяшалiся паглядзець на аджыўшага свой век iмператара, ды так i знерухомелi ў парозе.

А iмператар прывiтаў iх:

- Добры дзень! Цi, дакладней, добрай ранiцы!

ПАСТУШКА I КАМIНАР

Цi бачыў ты калi-небудзь сапраўдныя старадаўнiя шафы, скрозь пачарнелыя ад старасцi, з драўлянымi завiтушкамi?

У адным жылым пакоi стаяла якраз такая шафа, якая засталася сваiм гаспадарам у спадчыну ад прабабкi. Шафа была зверху данiзу пакрыта разьбой драўлянымi ружамi ды цюльпанамi; маленькiя аленi высоўвалi свае рагатыя галоўкi з мудрагелiстых завiтушак, а на самым вiдным месцы майстар выразаў постаць чалавека. Забаўна было глядзець на яго: ён скорчыў мiну i выскалiўся; аднак нiяк нельга было сказаць, што ён смяецца. Ногi ў чалавечка былi казлiныя, на iлбе тырчэлi рожкi, доўгая барада звешвалася на грудзi. Дзецi заўсёды называлi яго "казланогi обер-унтэр-генерал-капiтан-сяржант". Хаця гэтае званне было вельмi цяжка вымаўляць i рэдка хто яго заслугоўваў; ды i выразаць чалавечка з дрэва каштавала вялiкай працы.



21 из 294