- Ну, значыцца, ты будзеш дванаццатая! - адсек кiтаец. - Сёння ўначы, як толькi ў старой шафе пачуецца трэск, вы згуляеце вяселле. I гэта не меней дакладна, як тое, што я кiтаец! - i, хiтануўшы галавой, ён заснуў.

А маленькая пастушка заплакала, паглядзела на свайго любага сябра фарфоравага камiнара - ды сказала:

- Прашу цябе: пойдзем адсюль, хоць на край свету! Тут нам заставацца нельга!

- Я хачу таго, чаго хочаш ты, - адказаў ёй маленькi камiнар, - пойдзем хоць зараз! Упэўнены, што змагу пракармiць цябе сваiм рамяством.

- Ах, калi б нам як хутчэй спусцiцца з падлюстэрнiка! - уздыхнула пастушка. - Я буду шчаслiвая, толькi калi вырвуся з табой на волю.

Камiнар суцешыў яе, потым паказаў ёй, як зручней спускацца ўнiз па разным краi пазалочаных ножак падлюстэрнiка. Тут iм вельмi спатрэбiлiся ягоныя драбiнкi, i вось яны ўжо ступiлi на падлогу; паглядзелi на шафу - бачаць, што там усчаўся пярэпалах.

Разныя аленi яшчэ больш выцягнулi шыi, насцярожылi рогi i пачалi круцiць галавой, а казланогi обер-унтэр-генерал-капiтан-сяржант высока падскочыў i загукаў старому кiтайцу:

- Яны ўцяклi! Уцяклi!

Уцекачы крыху спалохалiся i хуценька скочылi ў высоўную шуфляду пад акном.

У гэтай шуфлядзе захоўвалiся тры-чатыры няпоўныя калоды картаў ды маленечкi лялечны тэатр, якi быў расстаўлены, як гэта дазваляла месца. У тэатры iшло прадстаўленне. У першым радзе сядзелi ўсе дамы - чырвовыя, бубновыя, трэфовыя ды пiковыя - i абмахвалiся сваiмi цюльпанамi. Ззаду ад iх стаялi валеты, у кожнага з iх было па дзве галавы - адна ўверсе, другая ўнiзе. П'еса была пра двух закаханых, якiм нiяк не ўдавалася з'яднацца, i пастушка, гледзячы на iх, заплакала, - спектакль нагадваў ёй уласны лёс.

- Ах, я не магу больш вытрымаць! - пралепятала яна. - Пойдзем адсюль!

Але калi яны зноў апынулiся на падлозе i паглядзелi на свой падлюстэрнiк, дык убачылi, што стары кiтаец прачнуўся, ён ссунуўся з месца i некуды перапаўзаў седзячы, - ён заўсёды сядзеў, скрыжаваўшы ногi, а хадзiць не ўмеў.



23 из 294