На першы погляд iх можна было прыняць за пакаёвак, якiя праводзiлi сюды сваiх самавiтых гаспадынь, але, прыгледзеўшыся ўважлiвей, вы б заўважылi, што гэтыя жанчыны анi не падобныя на служанак: надта ўжо мяккiя i пяшчотныя былi ў iх рукi, надта велiчныя пастава i ўсе рухi, а вопратка вызначалася нейкiм асаблiва смелым кроем. Вы, канечне, ужо здагадалiся, што гэта былi феi. Малодшая была калi i не самой феяй Шчасця, то ўжо, напэўна, камерысткай адной з яе шматлiкiх камер-фрэйлiн i займалася тым, што прыносiла людзям розныя дробныя дары шчасця. Старэйшая здавалася намнога больш сур'ёзнай - яна была феяй Смутку i заўсёды спраўлялася са сваiмi клопатамi сама, не перадаручаючы iх нiкому: так, прынамсi, яна ведала, што ўсё абавязкова будзе зроблена як належыць.

Стоячы ў пярэдняй, яны расказвалi адна адной, дзе пабывалi за дзень. Камерыстка камер-фрэйлiны Шчасця сёння выканала ўсяго толькi некалькi малаважных даручэнняў: выратавала ад лiўня чыйсьцi новы капялюш, перадала аднаму шаноўнаму чалавеку паклон ад высокапастаўленай нiкчэмнасцi i ўсё ў тым жа духу. Але затое ў запасе ў яе засталося нешта зусiм незвычайнае.

- Трэба табе сказаць, - закончыла яна, - што ў мяне сёння дзень нараджэння, i ў гонар гэтай падзеi мне далi пару галёшаў з тым, каб я аднесла iх людзям. Гэтыя галёшы валодаюць адной цудоўнай уласцiвасцю: таго, хто iх надзене, яны могуць iмгненна перанесцi ў любое месца цi ў любую эпоху - куды ён толькi пажадае, - i ён, такiм чынам, адразу набудзе шчасце.

- Ты так думаеш? - адгукнулася фея Смутку. - Ведай жа: ён будзе самым няшчасным чалавекам на зямлi i блаславiць тую хвiлiну, калi нарэшце пазбавiцца ад тваiх галёшаў.

- Ну, гэта мы яшчэ паглядзiм! - прамовiла камерыстка Шчасця. - А пакуль што я пастаўлю iх каля дзвярэй. Ану ж хто-небудзь iх абуе памылкова замест сваiх i стане шчаслiвы.

Вось якая памiж iмi адбылася размова.

II. Што адбылося з саветнiкам юстыцыi

Было ўжо позна. Саветнiк юстыцыi Кнап збiраўся дахаты, усё яшчэ разважаючы аб часе караля Ганса. I трэба ж было так здарыцца, каб замест сваiх галёшаў ён надзеў галёшы шчасця. Як толькi ён выйшаў у iх на вулiцу, чароўная сiла галёшаў тут жа перанесла яго ў эпоху караля Ганса, i ногi яго адразу патанулi ў непралазнай гразi, таму што пры каралi Гансе вулiц не масцiлi.



31 из 294